Дзяржсакратар Папы Францішка: «Мігранты — аблічча Хрыста, які пакутуе» |
Дзяржава Ватыкан |
17.07.2014 15:22 |
Нацыянальныя межы становяцца ўсё больш адкрытымі для грошай і тавараў і ўсё больш і больш закрытымі для людзей. Між тым, мігранты — гэта аблічча Хрыста, які пакутуе, падкрэсліў кардынал Пьетро Паралін, Дзяржсакратар Папы Францішка. 16 ліпеня іерарх узначаліў святую Імшу ў базыліцы Маці Божай Гвадэлупскай у Мехіка. Эўхарыстыя прайшла пасля рэгіянальнай канферэнцыі па міграцыі і развіцці, госцем якой быў ватыканскі дыпламат. У сваёй гаміліі кардынал заклікаў вернікаў абараняць правы і годнасць людзей, і асабліва тады, калі яны знаходзяцца ў пошуках працы і лепшых умоў жыцця, а для гэтага вымушаны пакінуць месца жыхарства. Ён нагадаў, што гэтыя асобы часта становяцца ахвярамі «эканамічнай мадэлі выключэння, якая не прызнае за чалавекам цэнтральнага месца». Кардынал адзначыў, што калі «з аднаго боку ўсё больш і больш межы адкрываюцца для гандлю, грошай і новых тэхналогій, то з іншага ўсё большая колькасць людзей адчувае ўзрастаючыя абмежаванні і злоўжыванні, калі яны аказваюцца ў сітуацыі бездапаможнасці». «Таму менавіта вернікі павінны адкрыць у іх аблічча Хрыста, які пакутуе, і імкнуцца рэалізаваць на практыцы Евангелле ў зменлівых сацыяльных, эканамічных і палітычных умовах», — сказаў Дзяржсакратар. Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, (AYU) |