Падчас падарожжа Папы Францішка ў Паўднёвую Карэю на акаўнце Пантыфіка ў “Твітэры” штодзённа з’яўляліся заклікі да міру ў Іраку і просьбы аб малітве за насельніцтва гэтай краіны. Кожны дзень Папа атрымліваў інфармацыю аб дзейнасці свайго спецыяльнага пасланніка ў Іраку кардынала Фернандо Філоні і маліўся за яго падчас Імшы ў катэдральным касцёле Сеула. 20 жніўня 2014 г. кардынал завяршыў сваю місію ў Іраку і вярнуўся ў Рым.
Напярэдадні вяртання іерарх сустрэўся ў Багдадзе з Прэзідэнтам Ірака Фуадам Масумам і ўручыў яму пасланне Папы Францішка. Кардынал распавёў, што сустрэча была вельмі сардэчнай, ён пазнаёміў кіраўніка дзяржавы са зместам сваёй місіі і падкрэсліў, што яго візіт быў не палітычным, а гуманітарным.
Ліст Святога Айца да Прэзідэнта Ірака з’яўляецца лагічным і натуральным працягам намаганняў Папы ў барацьбе за мір. “Дасягненне міру праходзіць чырвонай ніццю праз сэрца, розум і ўсю душпастырскую дзейнасць Папы Францішка, – адзначыў кардынал Фернандо Філоні. – Таму ў такіх цяжкіх выпадках Папа без ваганняў карыстаецца любой магчымасцю для ўмяшальніцтва, каб змяніць сітуацыю на карысць бедных. Вайна ў Іраку – гэта не толькі трагедыя іракскага народа, нашых хрысціян ці езідаў, – яна датычыцца ўсіх, каму неабыякавыя лёсы чалавецтва. Малаколькасныя або шматлікія меншасці, розныя веравызнанні і рэлігіі: усіх нас аб’ядноўвае адна і тая ж чалавечая годнасць, якую неабходна захоўваць і бараніць”.
Кардынал дадаў, што, калі не ўмяшацца ў сітуацыю, то ў далейшым можна сутыкнуцца з генацыдам і згрызотамі сумлення, як, на жаль, здаралася ў мінулым з некаторымі драматычнымі сітуацыямі ў Афрыцы.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|