Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Ватыканскі дыпламат лічыць неабходным з боку міжнароднай супольнасці асудзіць гвалтоўныя дзеянні ісламістаў у Іраку, Сірыі і Нігерыі |
Дзяржава Ватыкан |
27.08.2014 12:17 |
На наступнай сесіі Рады па правах чалавека ААН кардынал Фернанда Філоні «зможа распавесці пра сваю місію ў Іраку», адзначыў арцыбіскуп Сільвана Тамазі, пастаянны назіральнік Апостальскай Сталіцы пры ААН і іншых міжнародных арганізацыях у Жэневе, выступаючы на “Сустрэчы за сяброўства паміж народамі”, якая праходзіць у італьянскім Рыміні. «У гэтым трагічным кантэксце насілля задача Касцёла з’яўляецца нялёгкай, але паслядоўнай. Мы маем яснае сведчанне Святога Айца: ён працягвае звяртацца да міжнароднай супольнасці і да ўсіх нас, вернікаў, каб мы маліліся аб пошуку шляхоў да міру. Ён заклікае да перамоваў і запрашае краіны, якія маюць магчымасць, спыніць агрэсара праз пасрэдніцтва механізмаў ААН», — сказаў арцыбіскуп Тамазі ў інтэрв’ю Ватыканскаму радыё. Дыпламат распавёў, што мясцовыя праваслаўныя і каталіцкія біскупы і Патрыярхі, якія належаць да розных абрадаў: сірыйскага, халдэйскага, мельхіцкага, — збіраліся некалькі дзён таму разам і дакладна сфармулявалі накірункі дзеянняў у сітуацыі насілля і пераследу рэлігійных меншасцяў у рэгіёне. «Па-першае, гэта заклік аб дапамозе з боку міжнароднай супольнасці, каб спыніць насілле і забойствы, і не толькі хрысціян, але язідаў і іншых груп. Падумаем, што хрысціян абезгалоўліваюць і з фотаздымкаў бачна, што іх галовы вешаюць на крукі, у якасці дэкарацый для сцен і брамаў. Гэта нешта нечуванае і сапраўды недапушчальнае. Па-другое, іерархі просяць аб міжнароднай прысутнасці, якая зможа гарантаваць вяртанне хрысціян ў іх пасяленні і дамы. Несправядліва, што міжнародная супольнасць лічыць хрысціян аўтаматычна наканаванымі на выгнанне. Яны маюць права жыць у сябе дома, дзе пасяліліся 1700 гадоў таму, яшчэ да з’яўлення іслама. Працягваць там жыць — гэта іх натуральнае права. Акрамя таго, адна толькі іх прысутнасць прыносіць карысць і ісламскай супольнасці, дапамагаючы змяніць сацыяльны кантэкст, паступова спрыяючы дэмакратыі, якая паважае самабытнасць кожнага чалавека і кожнай группы», — сказаў арцыбіскуп Тамазі. Пастаянны назіральнік Апостальскай Сталіцы пры ААН і іншых міжнародных арганізацыях у Жэневе лічыць фундаментальна неабходным з боку міжнароднай супольнасці асуджэнне гвалтоўных дзеянняў ісламістаў не толькі ў Іраку, але таксама ў Сірыі і Нігерыі. Паводле Беларускай рэдакцыі ватыканскага радыё, (AYU)
|
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.