У садах Ватыкана ўстановяць копію скульптуры Маці Божай Міласэрнасці з Кубы |
Дзяржава Ватыкан
|
27.08.2014 15:11 |
Папа Францішак прывітаў групу кубінскіх біскупаў, якія прыбылі ў Рым з нагоды ўстанаўлення ў Ватыканскіх садах копіі статуэткі Маці Божай Міласэрнасці з Эль-Кобрэ — апякункі Кубы і адной з самых шанаваных і любімых кубінцамі фігурак Найсвяцейша Панны Марыі.
Звяртаючыся да іерархаў, прысутных на агульнай аўдыенцыі 27 жніўня, Святы Айцец папрасіў іх запэўніць у блізкасці і благаслаўленні ўсіх вернікаў Кубы.
Урачыстую цырымонію, якая запланавана на 28 жніўня, узначаліць былы Дзяржсактар Яго Святасці Папы кардынал Тарчызіа Бэртонэ.
Арыгінальная фігурка захоўваецца ў марыйным санктуарыі ў Санц’яга-дэ-Куба. Традыцыя апавядае, што яна была знойдзена трыма падлеткамі ў водах Нэйпскай бухты каля 1612 г. Маладыя здабытчыкі солі апынуліся ў моры падчас буры і моцна прасілі Панну Марыю аб ратаванні. Калі бура скончылася, яны ўбачылі на хвалях сухую фігурку Маці Божай, прывязаную да дошкі, на якой было напісана: «Я Маці Міласэрнасці».
У Ватыканскіх садах знаходзіцца некалькі скульптур, санктуарыяў і гротаў, якія прысвечаныя Панне Марыі. Сярод іх бронзавая копія абраза Маці Божай Чэнстахоўскай, якая з’яўляецца апякункай ватыканскага геліапорта, і абраза Маці Божай Добрай Рады з Джэнаццана, грот Маці Божай Лурдскай і Маці Божай Апекі, які быў пабудаваны ў 1917 г. па ініцыятыве Бэнэдыкта XV. У 2013 г. тут была ўстаноўлена копія скульптуры Маці Божай з Суяпы, апякункі Гандураса.
|