У Ватыкане праходзіць пасяджэнне Рады кардыналаў па дапамозе Святому Айцу |
Дзяржава Ватыкан
|
16.09.2014 12:32 |
Рада кардыналаў па дапамозе Святому Айцу ў кіраванні Касцёлам і падрыхтоўцы праекту рэфармавання Рымскай Курыі пачала сваё шостае пасяджэнне, якое будзе праходзіць да 17 верасня 2014 г. На працягу гэтых дзён іерархі абмяркоўваюць актуальныя праблемы Каталіцкага Касцёла і ватыканскіх устаноў.
Як і падчас папярэдняга пасяджэння, якое праходзіла 1-4 ліпеня, будуць разглядацца адносіны паміж ведамствамі і Святым Айцом, пытанні каардынацыі дзейнасці паміж ведамствамі, функцыі Дзяржсакратарыяту і іншае.
Рада кардыналаў па дапамозе Святому Айцу ў кіраванні Касцёлам была створана Пантыфікам 28 верасня 2013 г. Першапачаткова яе склад ўваходзілі восем кардыналаў, а ў ліпені 2014 г. да іх далучыўся Дзяржсакратар кардынал Пьетро Паралін, бліжэйшы супрацоўнік Святога Айца. Члены Рады з’яўляюцца не “кантынентальнымі дэлегатамі”, а тымі, якія добра ведаюць аб рэальных праблемах Касцёла ў розных частках свету і карыстаюцца вялікім даверам і асаблівай павагай з боку Папы.
Пасяджэнні Рады па традыцыі праходзяць у Доме св. Марты, у якім стала пражывае Пантыфік і спыняюцца многія кардыналы, якія прыбываюць у Рым. Святы Айцец звычайна прысутнічае на пасяджэннях гэтага органа, але пераважна ў якасці слухача. Мэта працы Рады заключаецца ў абмеркаванні не толькі арганізацыйных праблем, але таксама тэалагічнага і духоўнага бачання Касцёла, перспектыў Касцёла, вызначаных на апошнім Саборы, і спосабаў іх дасягнення.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|