Святы Пасад зацвердзіў новую Канстытуцыю Легіянераў Хрыста |
Дзяржава Ватыкан
|
02.11.2014 15:03 |
Кангрэгацыя па справах Інстытутаў кансэкраванага жыцця і Таварыстваў апостальскага жыцця зацвердзіла новую Канстытуцыю манаскай супольнасці Легіянераў Хрыста. Дакумент ужо ўступіў у сілу.
У спецыяльным паведамленні члены супольнасці выказалі падзяку Папам Бэнэдыкту XVI і Францішку, а таксама папскаму дэлегату кардыналу Веласіо дэ Паолісу, за чатырохгадовы працэс абнаўлення, мэтай якога быў пошук харызмату кангрэгацыі, спрашчэнне нормаў, забеспячэнне ажыццяўлення ў ёй паўнамоцтваў у адпаведнасці з Кананічным правам, а таксама фарміраванне ўсіх яе членаў да адказнасці.
Новая Канстытуцыя значна карацейшая за папярэднюю і налічвае 235 артыкулаў замест 872. Апостальская місія супольнасці заснавана на навучанні Яна Паўла II з адгартацыі “Vita consecrata”. Структура кіравання была больш адаптавана да Кодэксу кананічнага права. У дакуменце гарантуецца свабода сумлення праз вольны доступ да духоўных кіраўнікоў і спаведнікоў, якімі не павінны быць настаяцелі. Канстытуцыя дае толькі агульнае ўяўленне аб пашане адносна жанчын, дзяцей і падлеткаў. У паведамленні адзначаецца, аднак, што нядаўна былі выдадзены іншыя больш падрабязныя дакументы кангрэгацыі аб прадухіленні злоўжыванняў у гэтай сферы.
Новыя правілы з’яўляюцца юрыдычным тэкстам, таму не звяртаюцца да жыцця заснавальніка Легіянераў Хрыста. Аўтары паведамлення нагадваюць, аднак, што ў выказваннях Святога Пасаду выразна аддзяляецца харызмат супольнасці ад амаральных учынкаў, якія здзейсніў памерлы ў 2008 г. кс. Марсіаль Масьель.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|