17 лістапада пачнецца рэканструкцыя санітарных пакояў для пілігрымаў, якія знаходзяцца пад каланадай Берніні, недалёка ад Бронзавай брамы — уваходу ў Апостальскі палац. Па ініцыятыве папскага элемазінарыя арцыбіскупа Конрада Краеўскага тут будуць размешчаны і тры душавыя кабінкі — спецыяльна для бяздомных, якім няма дзе памыцца.
«Базыліка існуе, каб захоўваць Цела Хрыста, а ў бедных мы служым пакутуючаму Целу Езуса», — адзначыў іерарх у інтэрв’ю італьянскаму інтэрнэт-парталу «Vatican Insider».
Папскі элемазінарый падзяліўся, што ідэя нарадзілася пасля размовы з адным з рымскіх бяздомных. На пачатку кастрычніка арцыбіскуп Краеўскі сустрэў яго на вуліцы і, даведаўшыся, што той адзначае сваё 50-годдзе, прапанаваў разам схадзіць у рэстаран. «Я ж кепска пахну», — пачуў іерарх у адказ. Тым не менш паход на вячэру адбыўся. Там бяздомны расказаў, што ў Рыме для бедных амаль не існуе праблемы з харчаваннем, дзякуючы шматлікім арганізацыям, якія раздаюць ежу, але з магчымасцю памыцца справы выглядаюць горш: туалетаў і душавых вельмі мала.
Арцыбіскуп Краеўскі, які на працягу доўгіх гадоў дапамагае бедным, прызнаўся, што прызвычаіўся дзейнічаць неадкладна. «У Евангеллі Езус заўсёды карыстаўся словам “сёння”. І сёння мы павінны адказаць на гэту патрэбу», — сказаў папскі элемазінарый. Іерарх наведаў з дзясятак рымскіх парафій, якія дапамагаюць бездомным, і там, дзе не было душавых кабінак, прапанаваў устанавіць іх. Фінансавую падтрымку рэалізацыі праекту выказаў гатоўнасць аказаць дабрачынны фонд італьянскага спевака Андрэа Бачэлі, а тэхнічную — адно з італьянскіх камерцыйных прадпрыемстваў.
Душавыя кабінкі, устаноўленыя пад каланадай Берніні, не будуць пазначаны адпаведнымі таблічкамі, бо іх адрасаты — мясцовыя бяздомныя — будуць ведаць аб іх. Акрамя таго, арцыбіскуп Краеўскі плануе задзейнічаць у ініцыятыве вучняў цырульніцкіх курсаў, каб бяздомныя мелі магчымасць скарыстацца іх паслугамі. Такім чынам яны будуць менш схільныя да хваробаў, перакананы папскі элемазінарый.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|