Гэта
архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе
catholic.by
Дзяржсакратар Святога Пасаду сустрэўся з кіраўніцтвам Чэхіі |
Дзяржава Ватыкан
|
15.11.2014 15:20 |
Дзяржсакратар Святога Пасаду кардынал Пьетро Паралін сустрэўся з палітычным кіраўніцтвам Чэшскай Рэспублікі. Іерарх знаходзіцца ў Празе па запрашэнні мясцовага арцыбіскупа кардынала Дамініка Дукі з нагоды святкавання 25-годдзя кананізацыі св. Агнешкі Чэшскай.
Сёлета краіна адзначае таксама юбілей Аксамітнай рэвалюцыi лістапада-снежня 1989 г. – шэрагу падзей, якія адносна мірна прывялі да падзення камуністычнага рэжыму і ўсталявання дэмакратыі.
Падчас сустрэчы з Прэзідэнтам Чэхіі Мілашам Земанам кардынал Пьетро Паралін выказаў спадзяванне, што Папа Францішак “у бліжэйшай будучыні зможа наведаць гэтую цудоўную зямлю, багатую духоўнай і культурнай спадчынай”, як гэта рабілі Ян Павел ІІ і Бэнэдыкт XVI. Іерарх запэўніў чэшскага лідара ў тым, што пры нагодзе Святы Айцец з радасцю прыме яго ў Ватыкане.
Падчас прыватнай сустэчы са старшынямі чэшскага парламента кардынал падкрэсліў, што Касцёл падтрымліваў намаганні чэхаў па ўмацаванні свабоды і дэмакратыі. Дзяржсакратар Святога Пасаду дадаў, што каталіцкая супольнасць будзе працягваць дапамагаць краіне адказваць на сучасныя выклікі і працаваць на карысць усяго грамадства, асабліва яго самых патрабуючых кампанентаў.
Сустракаючыся з членамі ўраду і дыпламатычнага корпуса ў старажытным Страгаўскім манастыры, кардынал нагадаў пра пакуты католікаў у Чэхіі і пераслед Касцёла ў гады таталітарызму. Іерарх адзначыў уклад былога арцыбіскупа Пражскага Францішка Тамашэка ў перамогу над камуністычнай сістэмай і ў мірнае развіццё Аксамітнай рэвалюцыі. Дзяржсакратар выказаў спадзяванне на ўмацаванне супрацоўніцтва і сяброўства паміж Чэшскай Рэспублікай і Апостальскай Сталіцай дзеля спрыяння сапраўднаму разуменню годнасці чалавечай асобы і міру паміж народамі.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на
Catholic.By абавязкова.