Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Апостальскай Сталіцы абмяркуюць жыццё жанчын у сучасным свеце і праблему душпастырства ў гарадах
Дзяржава Ватыкан
02.02.2015 15:43

Жыццю жанчын у сучасным свеце і праблеме душпастырства ў гарадах будуць прысвечаны пленарныя пасяджэнні Папскай рады па культуры і Папскай рады па справах свецкіх. Яны пройдуць амаль адначасова і завершацца 7 лютага аўдыенцыямі ў Святога Айца.

Штогадовая сустрэча членаў Папскай рады па культуры пачнецца 4 лютага і будзе прысвечана тэме «Жаночыя культуры: паміж роўнасцю і адметнасцю». Прыняць удзел у асамблеі запрошаны некаторыя жанчыны – эксперты ў сацыялогіі, паліталогіі, духоўнасці, мастацтве. Разам з членамі ватыканскага ведамства яны паразмаўляюць аб актуальнай сітуацыі жанчын у розных культурах, аб жаночай унікальнасці і роўнасці палоў, здольнасці даваць жыццё ў самым шырокім значэнні гэтага слова, аб каштоўнасці жаночага цела, камунікатыўных здольнасцях жанчын і іх ролі ў жыцці Касцёла.

5 лютага пачнецца пленарнае пасяджэнне Папскай рады па справах свецкіх. Яго ўдзельнікі будуць абмяркоўваць праблемы душпастырства ва ўрбаністычным кантэксце. Гэтая тэма з’яўляецца асабліва актуальнай у сувязі з ростам гарадскога насельніцтва, якое ў 2050 г. дасягне 70% насельніцтва планеты, нагадалі арганізатары падзеі. Сярод дакладчыкаў на асамблеі выступіць арцыбіскуп Манілы кардынал Луіс Антоніо Тагле, заснавальнікі італьянскіх «Супольнасці новых гарызонтаў» і «Супольнасці св. Эгідзія» К’яра Амірантэ і Андрэа Рыкардзі. Гаворка будзе ісці пра «прагу Бога ў гарадскіх пустынях», каштоўнасць гарадскіх перыферый і важнасць сацыяльнага навучання Касцёла для душпастырства ў мегаполісах.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.