Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Ватыкане праходзіць восьмае пасяджэнне Рады кардыналаў
Дзяржава Ватыкан
10.02.2015 10:58

З 9 па 11 лютага ў Ватыкане праходзіць восьмае пасяджэнне Рады кардыналаў па дапамозе Святому Айцу ў кіраванні Касцёлам і падрыхтоўцы праекту рэфармавання Рымскай Курыі. На працягу гэтых дзён члены Рады будуць абмяркоўваць актуальныя праблемы Касцёла і ватыканскіх устаноў.

12-13 лютага прадугледжана скліканне кансісторыя, падчас якога яны пазнаёмяць Калегію кардыналаў з плёнамі сваёй дзейнасці і праектамі рэформы структур Рымскай Курыі. На абвестцы дня знаходзіцца тэма рэарганізацыі Папскіх радаў, пытанні адносна будучыні некаторых ватыканскіх ведамстваў і фінансавага стану Апостальскай Сталіцы.

Улічваючы прысутнасць членаў Калегіі кардыналаў у Рыме, 14-15 лютага ў Ватыкане пройдзе кансісторый па ўзвядзенні ў кардынальскую годнасць некаторых новых іерархаў, імёны якіх Папа Францішак абвясціў 4 студзеня.

Рада кардыналаў па дапамозе Святому Айцу ў кіраванні Касцёлам была створана Пантыфікам 28 верасня 2013 г. Першапачаткова ў яе склад ўваходзілі восем іерархаў, а ў ліпені 2014 г. да іх далучыўся Дзяржсакратар кардынал Пьетро Паралін. Члены Рады добра ведаюць аб рэальных праблемах Касцёла ў розных частках свету і карыстаюцца вялікім даверам і асаблівай павагай з боку Папы.

Пасяджэнні Рады па традыцыі праходзяць у Доме св. Марты, у якім пражывае Пантыфік і спыняюцца многія кардыналы, якія прыбываюць у Рым. Святы Айцец звычайна прысутнічае на пасяджэннях гэтага органа, але пераважна ў якасці слухача. Мэта працы Рады заключаецца ў абмеркаванні не толькі арганізацыйных праблем, але і тэалагічнага і духоўнага бачання Касцёла, перспектыў Касцёла, вызначаных на апошнім Саборы, і спосабаў іх дасягнення.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.