Папа і ватыканскія іерархі разважаюць падчас велікапосных рэкалекцый над жыццём прарока Іллі |
Дзяржава Ватыкан |
26.02.2015 15:41 |
Папа Францішак і супрацоўнікі Рымскай курыі працягваюць удзел у велікапосных практыкаваннях, якія праходзяць у невялікім італьянскім мястэчку Арыча, у 30 км ад Рыма. Як паведамляе беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё, 25 лютага айцец рэкалекцыяніст Бруно Сэкандзін запрасіў паразважаць над жыццём прарока Іллі, у той момант, калі апошні меў «гіпертрафіраванае я» і лічыў сябе «пупом зямлі». Бог жадаў яго перамянення і ствараў умовы — нават складаныя сітуацыі — каб той, нарэшце, апынуўся ў цішыні, зазірнуў у глыбіню сваёй душы, «даў голас неспакою, які насіў унутры». Італьянскі кармэліт заклікаў удзельнікаў рэкалекцый да разважання аб сваіх жыццёвых сітуацыях і аб адносінах з Богам. Перад абліччам цяжкасцяў Ілля нават хацеў памерці на гары Сінай, дзе быў заключаны запавет ізраільскага народа з Богам, нагадаў святар. Але задума Бога была іншай — Ён вырашыў пачаць новы этап у жыцці прарока. Калі мы, як Ілля, «расчараваныя, стомленыя, лічым сябе лепшымі за іншых або думаем, што свет напоўнены толькі атакуючымі злымі духамі», варта дазволіць Богу здзівіць нас і пачаць новы шлях, заклікаў рэкалекцыяніст. (IL) |