Гэта
архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе
catholic.by
Дзяржаўны Сакратар Папы прыме ўдзел у Саміце Амерык |
Дзяржава Ватыкан
|
24.03.2015 12:56 |
Дзяржаўны Сакратар Яго Святасці Папы кардынал П’етро Паралін прыме ўдзел у Саміце Амерык – сустрэчы дзяржаўных лідараў краін амерыканскіх кантынентаў, якая пройдзе 10-11 красавіка ў Панаме. Раней Апостальская Сталіца ніколі не была прадстаўлена на гэтым мерапрыемстве на ўзроўні Дзяржсакратара.
Падобныя форумы праводзяцца кожныя два-тры гады па ініцыятыве Арганізацыі амерыканскіх дзяржаў з мэтай фарміравання агульнай стратэгіі ў вырашэнні праблем, якія стаяць перад краінамі рэгіёна. Панамскі саміт стане сёмым за ўсю гісторыю іх правядзення.
З прапановай скіраваць на Саміт спецыяльнага пасланніка звяртаўся да Святога Айца 5 верасня 2014 г. падчас аўдыенцыі ў Ватыкане Прэзідэнт Рэспублікі Панама Хуан Карлас Варэла. Папа Францішак вырашыў, што прадстаўляць Апостальскую Сталіцу павінен кардынал П'етро Паралін, які меў досвед дыпламатычнай працы ў Мексіцы і Венесуэле і добра знаёмы з праблемамі рэгіёна.
На сённяшні дзень свой удзел у Саміце Амерык пацвердзілі 24 кіраўнікі амерыканскіх дзяржаў і ўрадаў. Чакаецца, што ў форуме ўпершыню прыме ўдзел дэлегацыя з Кубы.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на
Catholic.By абавязкова.