У Ватыканскіх музеях пройдзе эксклюзіўны тур для бяздомных |
Дзяржава Ватыкан
|
25.03.2015 21:05 |
Ватыканскія музеі адчыняць свае дзверы для бяздомных. 26 сакавіка група са 150 рымскіх беднякоў наведае папскую мастацкую скарбніцу, каб пабачыць шэдэўры, якія ў ёй захоўваюцца. Арганізатарам незвычайнага туру выступіў Апостальскі элемазінарый арцыбіскуп Конрад Краеўскі.
Госці ўвойдуць у Ватыкан праз уваход на плошчы св. Пятра і пройдуць прывілеяваным маршрутам – побач з Домам св. Марты, у якім пражывае Пантыфік, каля апсіды ватыканскай базылікі, праз Манетны двор, Ватыканскія сады і браму св. Грыгорыя. Наведвальнікі будуць падзелены на тры групы і атрымаюць навушнікі для праслухоўвання аўдыёгіда.
У праграме эксурсіі - нядаўна адноўлены Павільён карэт, галерэі Кандэлябраў і Геаграфічных картаў, Сікстынская капэла, якая будзе цалкам аддадзена ў распараджэнне ганаровых гасцей Ватыкана і па гэтай прычыне зачынена для звычайных наведвальнікаў крыху раней.
Пасля экскурсіі адбудзецца супольная малітва, а затым госці будуць запрошаны на вячэру.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|