10-я гадавіна абрання Бэнэдыкта XVI на Святы Пасад |
Дзяржава Ватыкан
|
19.04.2015 16:00 |
Бэнэдыкт XVI з’яўляецца адным з найвялікшых тэолагаў, якія знаходзіліся
на Пасадзе святога Пятра. У гэтым сэнсе яго можна параўнаць толькі з
Львом Вялікім і Бэнэдыктам XIV, сказаў прэфект Кангрэгацыі Веравучэння
кардынал Герхард Людвіг Мюлер падчас цырымоніі адзначэння 10-й гадавіны
абрання кардынала Ёзафа Ратцынгера Папам, якая прайшла 18 красавіка ў
Ватыкане. Сама ж гадавіна адзначаецца 19 красавіка.
Кардынал Герхард Людвіг Мюлер падкрэсліў, што яркім сведчаннем гэтага пантыфікату быў тэалагічны талент Папы, які з’яўляецца сапраўдным харызматам, што будуе Касцёл.
Спрачаючыся з антытэалагічнымі тэндэнцыямі ў сучасным каталіцызме, кардынал Мюлер падкрэсліў, што тэалагічныя веды не служаць задавальненню інтэлектуальных імкненняў, выхваленню свайго інтэлекту або самазадавальненню ў вузкіх колах спецыялістаў. Тэалогія неабходная Касцёлу; без яе ён не можа спаўняць сваёй місіі, сказаў прэфект Кангрэгацыі Веравучэння.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|