Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Святы Пасад патлумачыў пазіцыю адносна фундаменталізму
Дзяржава Ватыкан
21.04.2015 16:27

Хоць вырашэнне праблем многіх краін, якія змагаюцца з фундаменталізмам, не можа быць ускладзена толькі на ваенныя дзеянні, «прымальным з’яўляецца спыненне агрэсіі шматбаковымі дзеяннямі і прапарцыйным прымяненнем сілы», — сказаў арцыбіскуп Пол Рычард Галахер.

Cакратар па адносінах Святога Пасаду з дзяржавамі даў інтэрв’ю італьянскай газеце «Avvenire» ў сувязі з драматычнай сітуацыяй на Блізкім Усходзе. Іерарх патлумачыў пазіцыю Апостальскай Сталіцы і падкрэсліў, што спыніць так званую «Ісламскую дзяржаву» можа непасрэдны ўдзел краін рэгіёну. Таксама міжнародная супольнасць не можа заставацца пасіўнай і абыякавай.

Іерарх падкрэсліў, што ніякі канфлікт не можа быць вырашаны з дапамогай толькі аргументаў сілы, таму што насілле вядзе да знішчэння. Спачатку трэба адкласці зброю, наладзіць дыялог і распазнаць прычыны канфлікту, якія выкарыстоўваюцца фундаменталісцкай ідэалогіяй. З іншага боку, дапушчальнай мерай з’яўляецца мілітарнае спыненне несправядлівага агрэсара, але гэта павінна ажыццяўляцца ў адпаведнасці з нормамі міжнароднага права.

Арцыбіскуп Галахер дадаў, што ў цяперашні час нельга казаць аб ваенных дзеяннях адной дзяржавы ў адказ на дзеянні іншай, бо новыя формы тэрарызму з’яўляюцца транснацыянальнымі і звернуты да тэрыторый розных краін. Па словах іерарха, з’ява тэрарызму з’яўляецца выклікам для сучаснай дыпламатыі.

Сакратар па адносінах з дзяржавамі падкрэсліў ролю, якую ў барацьбе супраць фундаменталізму павінны адыграць мусульманскія лідары, бо многія тэрарыстычныя групоўкі для апраўдання сваіх дзеянняў звяртаюцца да ісламу. Гаворка ідзе таксама аб пашырэнні міжрэлігійнага і міжкультурнага дыялогу і адукацыі.

Ватыканскі дыпламат адзначыў, што ёсць дзяржавы, якія самі хоць і не ўмешваюцца ў канфлікты, але прадаюць зброю тэрарыстам. На думку арцыбіскупа, на гэта не можа не звяртаць увагі міжнародная супольнасць, якая мае абавязак імкнуцца ліквідаваць гэту амаральную і бесчалавечную з’яву, напрыклад, праз увядзенне эканамічных санкцый.

Арцыбіскуп дадаў, што дзеянні так званай «Ісламская дзяржавы» фінансуюцца пры больш ці менш відавочнай палітычнай падтрымцы, праз нелегальны гандаль нафтай і творамі мастацтва, выкупы за выкрадзеных людзей. Таксама і ў гэтым выпадку міжнародная супольнасць павінна дзейнічаць больш хутка і рашуча, лічыць сакратар па адносінах Святога Пасаду з дзяржавамі.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, (AYU)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.