Дзяржаўны Сакратар Яго Святасці кардынал П’етро Паралін адказаў на пытанні журналістаў адносна актуальных тэм міжнароднага парадку дня: 100-годдзя армянскай трагедыі, праблемы міграцыі, падарожжа Папы на Кубу, адносін Апостальскай Сталіцы з Кітаем, тэрарыстычнай пагрозы для Ватыкана.
Размова з прадстаўнікамі СМІ адбылася 24 красавіка ў тэалагічнай акадэміі Трывенета на поўначы Італіі, куды бліжэйшы супрацоўнік Папы быў запрошаны з лекцыяй.
Каментуючы словы Святога Айца аб фізічным знішчэнні армян у Асманскай імперыі на пачатку ХХ стагоддзя, кардынал П’етро Паралін падкрэсліў, што яны былі “вельмі яснымі і ў той жа час вельмі стрыманымі”. Па словах кардынала, Папа выказаўся аб гэтай трагедыі, каб паспрыяць прымірэнню. “Калі мы ўзгадваем пра тыя падзеі – то не для таго, каб выклікаць варожасць, а каб заклікаць усе бакі – праз сродкі, якія здаюцца найбольш адпаведнымі – зблізіцца, даць супольную інтэрпрэтацыю гісторыі, каб знайсці прычыны для згоды”, - сказаў іерарх.
Гаворачы аб восеньскім візіце Пантыфіка на Кубу, у кантэксце падарожжа ў ЗША, кардынал П’етро Паралін адзначыў яго сувязь з пацяпленнем адносін паміж гэтымі краінамі, дадаўшы, што візіт Папы Францішка мае на мэце падтрымаць гэты працэс.
Дзяржсакратар з жалем адзначыў, што без зменаў застаюцца адносіны паміж Апостальскай Сталіцай і Кітаем. “Мне было б прыемна, калі б яны пачалі існаваць, я б хацеў пра іх абвясціць, але, на жаль, іх няма”, - сказаў іерарх і дадаў, што Святы Пасад адкрыты на дыялог з гэтай азіяцкай краінай.
Праблема міграцыі патрабуе салідарнага адказу ўсіх краін, падкрэсліў кардынал і назваў у якасці прыярытэту стварэнне такіх умоваў у краінах паходжання мігрантаў, якія б дазволілі ім спакойна жыць у сябе на радзіме. Іерарх перакананы таксама, што немагчыма быць добрымі католікамі без адкрытасці на мігрантаў. “Любоў да Бога і бліжняга – гэта вяршыня хрысціянскага жыцця, а любоў азначае адкрытасць да ўсіх”, - адзначыў Дзяржсакратар.
Каментуючы нядаўнія паведамленні італьянскіх спецслужбаў аб планаваных тэрактах у Ватыкане і арыштах членаў радыкальных ісламісцкіх груповак у Італіі, кардынал П’етро Паралін падкрэсліў, што існуе асцярога за жыцці нявінных людзей, якія могуць пацярпець. Папа, у сваю чаргу, захоўвае спакой, што бачна па яго стылі камунікацыі падчас сустрэч з вернікамі, адзначыў бліжэйшы супрацоўнік Святога Айца.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|