Гэта
архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе
catholic.by
У Ватыкане пройдзе дабрачынны канцэрт |
Дзяржава Ватыкан
|
27.04.2015 15:43 |
Апошнія стануць першымі – аб гэтых словах Езуса Хрыста працягвае нагадваць Папа Францішак. 14 мая ў Ватыкане пройдзе дабрачынны канцэрт класічнай музыкі. Усе ганаровыя месцы падчас яго будуць займаць не кіраўнікі дзяржаў і арганізацый, як звычайна адбываецца падчас падобных падзей, а бедныя, бяздомныя і сем’і з перыферый Вечнага горада.
Іх адшукаюць валанцёры ватыканскіх і італьянскіх дабрачынных арганізацый.
Канцэрт пад назвай “З беднымі і для бедных” адбудзецца ў ватыканскай Зале Паўла VI, у якой Папа часта праводзіць свае аўдыенцыі і сустрэчы з вернікамі. Падчас канцэрту выступіць салернскі філарманічны аркестр “Джузэпэ Вердзі” і хор Рымскай дыяцэзіі пад кіраўніцтвам кс. Марка Фрызіны.
Запрашэнні на мерапрыемства распаўсюджваюцца бясплатна, але ўсім жадаючым будзе прадастаўлена магчымасць добраахвотна скласці ахвяраванні на дапамогу бедным.
Канцэрт арганізавалі некалькі ватыканскіх структур: Апостальская элемазінарыя, якая ад імя Пантыфіка клапоціцца пра самых патрабуючых, Папскія рады па культуры і па новай евангелізацыі і дабрачынны фонд св. Мацвея, заснаваны былым старшынёй Папскай рады “Iustitia et Pax” в’етнамскім кардыналам Нгуен Ван Туанам.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на
Catholic.By абавязкова.