Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Падзеі Года Міласэрнасці прадстаўлены ў Ватыкане
Дзяржава Ватыкан
06.05.2015 09:27

«Касцёл жыве невычэрпным жаданнем падарыць міласэрнасць» — у гэтых словах з Апостальскай адгартацыі Папы Францішка «Evangelii gaudium» заключаны сэнс Надзвычайнага Святога Года Божай Міласэрнасці, распавёў старшыня Папскай рады па новай евангелізацыі арцыбіскуп Рына Фізікела 5 мая ў Ватыкане.

Падчас прэзентацыі ў Зале Друку Апостальскай Сталіцы іерарх падзяліўся, што дэвізам Святога Года будуць словы «Міласэрныя, як і Айцец», узятыя з Евангелля паводле Лукі. Лагатып Юбілею распрацаваў вядомы славенскі мастак і тэолаг кс. Марка Іван Рупнік. Ён уяўляе сабой выяву Хрыста, які нясе на сваіх плячах знясіленага чалавека.

Падзеі з удзелам розных катэгорый вернікаў пройдуць на працягу 2016 года. 19-21 студзеня адбудзецца ініцыятыва, прысвечаная ўсім, хто ўдзельнічае ў пілігрымкавым руху. «Мы папросім пілігрымаў прайсці частку шляху пешшу, каб падрыхтавацца пераступіць праз “Святыя дзверы” ў духу веры і малітвы. Вельмі важна падрыхтаваць тых асобаў, якія займаюцца пілігрымкавым рухам, каб яны былі ў стане ўзняцца над сферай звычайнага турызму. Але каб гэтага дасягнуць, яны самі павінны, першымі, стаць пілігрымамі», — адзначыў арцыбіскуп Фізікела.

3 красавіка ў Ватыкане адбудзецца цэлебрацыя для членаў шматлікіх рухаў, асацыяцый, манаскіх супольнасцяў, звязаных з духоўнасцю міласэрнасці. Члены дабрачынных валанцёрскіх аб’яднанняў запрашаюцца ў Ватыкан 4 верасня. Асобы, якія асаблівым чынам падзяляюць марыйную духоўнасць, змогуць прыняць удзел у спецыяльнай цэлебрацыі 9 кастрычніка. Сустрэча для моладзі адбудзецца 24 красавіка. Цэлебрацыі для дыяканаў, святароў і катэхетаў пройдуць адпаведна 29 мая, 3 чэрвеня і 25 верасня. Хворыя і інваліды запрашаюцца наведаць Ватыкан 12 чэрвеня. 6 лістапада адбудзецца спецыяльная цэлебрацыя для вязняў. Папа Францішак выказаў пажаданне, каб яны змаглі наведаць базыліку св. Пятра, адзначыў арцыбіскуп Фізікела.

Пілігрымы, якія прыбудуць у Рым асобна, змогуць атрымаць неабходную дапамогу і малітоўна падрыхтавацца да праходу праз «Святыя дзверы» ватыканскай базылікі ў некаторых касцёлах у цэнтры Вечнага горада.

Надзвычайны Святы Год Божай Міласэрнасці пачнецца ва ўсім Каталіцкім Касцёле 8 снежня 2015 г., у свята Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, і будзе працягвацца да ўрачыстасці Хрыста Валадара Сусвету, 20 лістапада 2016 г.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.