Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Зацверджаны Статут Папскай камісіі па абароне непаўналетніх
Дзяржава Ватыкан
09.05.2015 20:01

Дзяржаўны Сакратар Папы кардынал П’етро Паралін зацвердзіў «ad experimentum» на перыяд трох гадоў Статут Папскай камісіі па абароне непаўналетніх. Кардынала ўпаўнаважыў да гэтага Святы Айцец.

Праца над дакументам працягвалася з моманту стварэння камісіі Пантыфікам 22 сакавіка 2014 г. Мэта гэтага органа – прадухіляць у Касцёле выпадкі сексуальных злоўжыванняў у дачыненні да непаўналетніх.

Статут вызначае характар і паўнамоцтвы камісіі, яе склад, задачы пленарнага пасяджэння, якое склікаецца два разы на год, падзел функцый яе членаў, характарыстыкі рабочых груп і некаторыя агульныя прынцыпы, якія рэгулююць яе функцыянаванне. Падкрэсліваецца, што камісія выконвае кансультацыйную ролю. Яна павінна прапанаваць Святому Айцу канкрэтныя ініцыятывы, звязаныя з абаронай непаўналетніх; і гэта з’яўляецца яе прыярытэтным заданнем.

Усе члены камісіі, якіх можа быць да васямнаццацi чалавек, прызначаюцца Папам на тэрмін трох гадоў. Тэмы і прапановы для канкрэтных дзеянняў, перш чым іх адобрыць камісія, будуць распрацоўвацца адпаведнымі рабочымі групамі. Кожная з іх павінна старанна прааналізаваць дадзеную праблематыку. Для гэтага яна можна прыцягнуць супрацоўнікаў, кампетэнтных у гэтым пытанні.

Праз тры гады, пасля перыяду «ad experimentum», Статут павінен прайсці экспертызу. Магчымыя змены затым будуць прадстаўлены на зацвярджэнне Святога Айца.

У лютым 2015 г., перад першым пасяджэннем камісіі ў поўным складзе, Папа Францішак скіраваў старшыням біскупскіх канферэнцый усяго свету і настаяцелям інстытутаў кансэкраванага жыцця і таварыстваў апостальскага жыцця ліст з просьбай аб супрацоўніцтве з гэтым органам, у склад якога ўвайшлі высокакваліфікаваныя асобы, вядомыя сваёй дзейнасцю ў галіне аховы падлеткаў.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.