Дзяржаўны Сакратар Папы сустрэўся з персаналам клінікі «Bambino Gesu» |
Дзяржава Ватыкан
|
15.05.2015 17:40 |
Дзяржаўны Сакратар Папы Францішка кардынал П’етро Паралін прыняў удзел у канферэнцыі з нагоды 30-годдзя надання ватыканскай педыятрычнай клініцы «Bambino Gesu» статусу навуковага-даследчага інстытута. «Заўсёды надавайце вялікую ўвагу самым бедным і давайце адчуць, што кожны з вас надзелены дадатковай любоўю, паколькі з’яўляецца часткай шпіталя, які быў і працягвае быць вялікай справай міласэрнасці», — звярнуўся бліжэйшы супрацоўнік Святога Айца да персаналу ўстановы.
Іерарх выказаў пажаданне, каб дзейнасць клінікі працягвала ажыццяўляцца на стаўпах павагі і служэння жыццю і першаснасці клопату пра хворых дзяцей і іх сем’і. Кардынал заклікаў забяспечваць маленькіх пацыентаў структуры і іх блізкіх сапраўднай «тэрапіяй адкрытасці», адначасова з высокакваліфікаванай медыцынскай дапамогай.
У ватыканскай педыятрычнай клініцы «Bambino Gesu» штогод праводзіцца больш за 18 тыс. аперацый. У 1986 г. тут была здзейснена першая ў Італіі перасадка сэрца дзіцяці; з 1987 г. пачала праводзіцца камп’ютарная тамаграфія; у 1992 г. адкрыты цэнтр дапамогі дзецям, хворым на СНІД; у 1994 г. здзейснена першая перасадка нырак. З двухтысячных гадоў пачалося сапраўднае «цунамі» адкрыццяў і новаўвядзенняў, адзначалася падчас канферэнцыі.
Клінічная дзейнасць структуры ажыццяўляецца адначасова з навуковымі даследваннямі. Шпіталь арыентаваны на глыбокія даследванні ў розных галінах педыятрыі, асабліва ў сферы біямедыцыны, эндакрыналогіі і неўралогіі. Тут праводзяцца вывучэнні рэдкіх захворванняў. Толькі за апошнія пяць гадоў у «Bambino Gesu» былі адкрыты каля 50 новых генных хваробаў.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|