Юрыдычнае прызнанне партнёрскіх саюзаў паміж асобамі аднаго полу ў Ірландыі азначае паразу не толькі для хрысціянскіх прынцыпаў, але і для чалавецтва: такім чынам Дзяржсакратар Папы кардынал П’етро Паралін пракаментаваў вынікі рэферэндуму на Зялёным Востраве 24 мая, які легалізаваў заключэнне гомасексуальных саюзаў.
Кардынал меў прамову падчас уручэння ўзнагарод “Эканоміка і грамадства”, устаноўленых Фондам “Centesimus Annus - Pro Pontifice” для навукоўцаў, якія папулярызуюць сацыяльнае вучэнне Касцёла.
Іерарх нагадаў, што Касцёл заўсёды абараняў сям’ю на аснове адносін двух людзей розных полаў, таму, як прызнаўся, зыход рэферэндуму ў Ірландыі выклікаў у ім “вялікі смутак”. Дзяржаўны Сакратар зацытаваў арцыбіскупа Дубліна Дзіармуіда Марціна, які лічыць, што Касцёл павінен лічыцца з гэтай рэальнасцю, але не забывацца пра свой абавязак евангелізаваць еўрапейскую культуру. Менавіта ў гэтым кантэксце кардынал адзначыў, што вынікі галасавання ў Ірландыі з’яўляюцца паразай не толькі для хрысціянскіх прынцыпаў, але збольшага таксама і для ўсяго чалавецтва.
Кардынал спаслаўся таксама на некаторыя актуальныя міжнародныя праблемы. Гаворачы пра напружанасць у адносінах з Францыяй, выкліканую прызначэннем паслом пры Святым Пасадзе гомасексуаліста, іерарх растлумачыў, што падаўжэнне гэтай сітуацыі можа прывесці “да пэўнай дэстабілізацыі”. “Таму мы хочам як мага хутчэй дасягнуць пагаднення і вырашыць гэтае пытанне”, - сказаў Дзяржсакратар.
Бліжэйшы супрацоўнік Папы адзначыў, што цяперашні крызіс мае не толькі эканамічнае і фінансавае вымярэнне, але і антрапалагічнае. На самой справе ўзнікла абагаўленне грошай, без нейкіх каранёў і сапраўдных чалавечых мэтаў, што ўдарыла ў саму эканоміку і абмежавала асобу да спажывання і марнатраўства, падкрэсліў кардынал П’етро Паралін.
Узнагарода “Эканоміка і грамадства” была прысуджана сёлета французскаму эканамісту, банкіру і гісторыку Пьеру дэ Лазэну за кнігу “Фінансы. Хрысціянскі пункт гледжання. Ад сярэднявечных банкаў да фінансавай глабалізацыі” (Finance. Un regard chrétien. De la banque médiévale à la mondalisation financière).
Спецыяльнымі прэміямі ватыканскага фонда былі адзначаны таксама два маладыя навукоўцы: Аляксандр Штумфоль з Германіі за даследванне, прысвечанае ўплыву сацыяльнага вучэння Касцёла на міжнародныя адносіны, і Артура Бэлак Мантаньё з Уругвая за працу аб навуковай прыродзе сацыяльнай дактрыны.
Фонд “Centessimus Annus – Pro Pontifice” быў заснаваны св. Янам Паўлам ІІ у 1993 г. з мэтай садзейнічання пашырэнню ведаў аб сацыяльным навучанні Касцёла і яго рэалізацыі ў палітычнай і эканамічнай сферах.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|