Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Ватыкан наведаў Міністр замежных спраў Украіны
Дзяржава Ватыкан
31.05.2015 16:39

Міністр замежных спраў Украіны Паўло Клімкін правёў у Ватыкане шэраг сустрэч. 27 мая ён сустрэўся з Папам Францішкам, днём раней - з Дзяржсакратаром Яго Святасці кардыналам П’етро Паралінам і сакратаром па адносінах Святога Пасаду з дзяржавамі арцыбіскупам Полам Галахерам.

У ходзе сустрэчы з Пантыфікам міністр сказаў, што яго суайчыннікі нязменна спадзяюцца вітаць Папу Францішка на сваёй зямлі. Клімкін падарыў Святому Айцу малюнак, намаляваны навучэнцамі аднаго з інтэрнатаў, з заклікам да Папы маліцца за Украіну.

МЗС Украіны заявіла, што прадметам усіх размоў міністра ў Ватыкане была, у першую чаргу, гуманітарная сітуацыя ў краіне, а таксама працэс мірнага ўрэгулявання цяперашняга канфлікту ў Данбасе. Падчас сустрэч міністр падзякаваў за гуманітарную дапамогу, якую “Caritas Internationalis” перадаў ахвярам канфлікту і бежанцам.

Госць з Кіева таксама распавёў суразмоўцам пра апошнія падзеі на ўсходзе сваёй краіны, а таксама пра вынікі нядаўняга саміту “Усходняга партнёрства” ў Рызе і намаганнях украінскага боку да мірнага ўрэгулявання канфлікту. Ён выказаў падзяку за падтрымку Апостальскай Сталіцай тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны і заклікаў да далейшай падтрымкі мірнага працэсу ў рэгіёне.

Бакі таксама абмеркавалі магчымасць уключэння папскай дыпламатыі ў забеспячэнне грамадскага кансенсусу і спынення канфрантацыі ва Украіне. У якасці станоўчага прыкладу было адзначана стварэнне Грамадскай рады па супрацоўніцтве з рэлігійнымі арганізацыямі пры Міністэрстве замежных спраў Украіны. Паводле суразмоўцаў, гэта будзе служыць у якасці асновы для супрацоўніцтва паміж Касцёлам і дзяржавай у сферы міжнародных адносін.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.