Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Ватыкан прыбыў «Дзіцячы цягнік» з дзецьмі зняволеных
Дзяржава Ватыкан
31.05.2015 16:47

30 мая ўжо ў трэці раз у Ватыкан прыехаў “Дзіцячы цягнік”, у якім прыбылі 200 дзяцей зняволеных. Праект, арганізатарам якога з’яўляецца Папская рада па культуры ў рамках ініцыятывы “Падворак язычнікаў”, уключыў дзяцей тых, хто адбывае пакаранне ў трох турмах: у Бары, Тэрні і Рыме.

“У гэтым годзе ўпершыню дзеці прыехалі ў суправаджэнні аднаго з бацькоў, які не знаходзіцца ў турме, або дзядулі ці бабулі. Калі абодва бацькі адбываюць пакаранне, прысутнічаюць валанцёры”, - падзялілася Патрыцыя Марцінэс, аніматар ініцыятывы “Дзіцячы падворак”. Яна прызналася, што гэта вельмі кранула адказных асобаў з гэтых трох турмаў. Бацькі былі вельмі зацікаўлены ў пошуку апекуна для свайго дзіцяці, каб яно змагло прыняць удзел у гэтай урачыстай сустрэчы з Папам.

Некаторыя з дзяцей нарадзіліся ў турме, а затым трапілі пад апеку сваякоў або ў спецыяльныя цэнтры дапамогі. “Тое, што для нас важна ў гэтым годзе, - гэта паказаць сілу, уласцівую сям’і. Незалежна ад таго, наколькі цяжкія і цёмныя моманты ёй прыходзіцца перажываць, сям’я, наколькі можа, заўсёды абараняе сваіх дзяцей”, - сказала Патрыцыя Марцінэс.

“Дзіцячы цягнік” прыбыў на чыгуначную станцыю ў Ватыканскіх садах. Затым маленькія пілігрымы разам са сваімі настаўнікамі сустрэліся ў Зале Паўла VI з Папам Францішкам. Яны падарылі Пантыфіку каляровага паветранага змея, сімвал іх мары аб лепшым жыцці, а таксама знак свабоды. На працягу доўгага часу Святы Айцец вёў дыялог з дзецьмі аб тым, што азначае марыць. Папа спытаў іх, ці можам мы дзякуючы марам перанесціся туды, куды хочам, - таксама да асуджаных бацькоў. Дзеці адказалі, што чалавечае сэрца, пазбаўленае мараў, павольна ламаецца, становіцца халодным і цвёрдым, як скала.

“Наша сэрца становіцца халодным і каменным, калі мы не слухаем Божае слова і Езуса”, - адказала Пантыфіку адна з маленькіх удзельнікаў сустрэчы. “Ты добра сказала. Не забывайцеся аб гэтым. Ніколі не спыняйцеся парыць праз вашыя мары, не спыняйцеся марыць і слухаць словы Езуса. Слухаючы Яго, мы расцём, наша сэрца расце і любіць усіх”, - сказаў Папа.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.