Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа зацвердзіў важныя рашэнні Рады кардыналаў
Дзяржава Ватыкан
10.06.2015 21:18

Абарона непаўналетніх і рэформа ватыканскіх СМІ – гэтыя тэмы абмяркоўваліся ў рамках дзясятага пасяджэння Рады кардыналаў па дапамозе Святому Айцу ў кіраванні Касцёлам і падрыхтоўцы праекту рэформы Рымскай курыі, якое праходзіла 8-10 чэрвеня ў Ватыкане.

Пантыфік зацвердзіў прапановы Папскай камісіі па абароне непаўналетніх, прадстаўленыя яе старшынёй кардыналам Шонам Патрыкам О’Мэлі. Папа аўтарызаваў скіраванне скаргаў на “злоўжыванні біскупскай уладай” – гэта значыць схаванне біскупамі фактаў сексуальных злачынстваў адносна непаўналетніх з боку духавенства – у тры ватыканскія ведамствы: Кангрэгацыю па справах Біскупаў, Кангрэгацыю Евангелізацыі Народаў або Кангрэгацыю па справах Усходніх Касцёлаў. Суджэнне, аднак, будзе выносіць Кангрэгацыя Веравучэння.

Іншая прапанова тычылася стварэння новай судовай секцыі пры Кангрэгацыі Веравучэння з пастаянным персаналам і сакратаром, які будзе дапамагаць яе прэфекту ў вядзенні спраў аб злоўжываннях святароў у адносінах да непаўналетніх ці дарослых безабаронных асобаў.

Святы Айцец устанавіў пяцігадовы тэрмін для далейшага развіцця гэтых прапаноў і ажыццяўлення фармальнай ацэнкі іх карыснасці і распарадзіўся, каб на гэтыя мэты былі вылучаны неабходныя сродкі.

Пантыфік зацвердзіў таксама прапановы кс. Дарыё Вігано, кіраўніка Камісіі па рэформе ватыканскіх СМІ. Прадстаўлены ім праект рэформ, разлічаны на чатыры гады, прадугледжвае паступовую інтэграцыю ўсіх ватыканскіх медыяструктур без скарачэння іх персаналу. Ажыццяўленнем рэформы будзе займацца спецыяльнае ведамства па ватыканскіх СМІ і камунікацыі Апостальскай Сталіцы, якое з’явіцца ў бліжэйшы час.

У рамках пасяджэння дарадчыкі Святога Айца абмяркоўвалі чарнавы варыянт прэамбулы новай канстытуцыі аб рэформе Рымскай курыі, фінансавыя пытанні Апостальскай Сталіцы і прэзентацыю будучай энцыклікі Папы Францішка аб экалогіі. Наступнае пасяджэнне Рады кардыналаў пройдзе 14-16 верасня.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.