Святы Пасад у ААН пра змены клімату |
Дзяржава Ватыкан |
30.06.2015 15:09 |
Кардынал Пітэр Тарксан падкрэсліў, што ахова навакольнага асяроддзя з’яўляецца першапачатковай задачай не толькі для навукі і тэхнікі, але, перш за ўсё, для розумаў і сэрцаў. Пры абмеркаванні праблемы змены клімату прадстаўнік Святога Пасаду заснаваў сваю прамову на новай энцыкліцы Папы Францішка «Laudato si'». Іерарх адзначыў, што клімат — гэта агульнае дабро ўсяго чалавецтва, таму тэхналагічнае і эканамічнае развіццё павінна быць падпарадкавана абароне навакольнага асяроддзя. Калі не ўдасца спыніць бягучых негатыўных тэндэнцый, кліматычныя змены могуць мець сур’ёзныя наступствы для ўсіх нас, папярэдзіў кардынал Тарксан. Паколькі першымі ахвярамі забруджвання навакольнага асяроддзя з’яўляюцца бедныя асобы і бедныя рэгіёны свету, клопат пра іх з’яўляецца таксама барацьбой з беднасцю. Цытуючы папскі дакумент, кіраўнік ватыканскага ведамства настойліва рэкамендаваў прыняць рашучыя меры па скарачэнні выкідаў вуглякіслага газу. Гэта можа быць зроблена, у першую чаргу, праз паступовую замену вугалю, нафты, газу на іншыя аднаўляльныя крыніцы энергіі. Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, (AYU) |