Святы Пасад вядзе дыялог з пяцідзясятнікамі |
Дзяржава Ватыкан
|
17.07.2015 12:12 |
Пятая сесія шостага этапу Міжнароднага каталіцка-пяцідзясятніцкага дыялогу завяршылася 17 ліпеня ў Рыме. У форуме, які працягваўся тыдзень, з каталіцкага боку ўдзельнічалі прадстаўнікі Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству на чале з яе старшынёй кардыналам Куртам Кохам, а з пратэстанцкага – члены “класічных” пяцідзясятніцкіх супольнасцяў.
Тэмай сталі “харызматы ў Касцёле – іх духоўнае значэнне, распазнанне і душпастырскія аспекты”.
Мэта дыялогу, пачатага ў 1972 г., – садзейнічанне ўзаемнай павазе і разуменню ў пытаннях веры і яе практыкавання, сапраўдны абмен і адкрытае абмеркаванне пазіцый дзвюх традыцый. Такія сустрэчы заўсёды насычаны малітвай.
Папярэднія чатыры сесіі таксама былі сканцэнтраваны вакол тэмы харызматаў, якія разглядаліся ў якасці: нашай агульнай асновы (2011 г.), якім патрэбна распазнаванне (2012 г.), якія прыносяць вылячэнне (2013 г.) і якія звязаны з дарам прароцтва (2014 г.).
Пасля цяперашняй сесіі, апошняй на шостым этапе дыялогу, будзе распрацаваны спецыяльны сумесны выніковы дакумент, які, як чакаецца, апублікуюць у пачатку 2016 г.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|