Ватыканскі геліпорт будзе выкарыстоўвацца для ратавання дзіцячых жыццяў |
Дзяржава Ватыкан
|
17.07.2015 16:48 |
Абнародавана інфармацыя аб падпісанні пагаднення паміж Губернатаратам Дзяржавы Ватыкан і рымскім педыятрычным шпіталем “Дзіцятка Езуса” аб выкарыстанні ў медыцынскіх мэтах верталётнай пляцоўкі, размешчанай у Ватыканскіх садах. Дамова, падпісаная кіраўніцтвам устаноў, зацверджана Дзяржаўным Сакратаром Яго Святасці кардыналам П’етро Паралінам.
Губернатарат выказаў згоду на кругласутачныя пасадку і ўзлёт верталётаў і перасоўванне ў межах Дзяржавы Ватыкан машын хуткай дапамогі ў сур’ёзных і надзвычайных сітуацыях пагрозы жыццю дзяцей або ў выпадках, звязаных з перасадкай органаў. Такім чынам, Ватыканскі геліпорт будзе ўключаны ў рэгіянальную сетку кіравання ў надзвычайных сітуацыях.
Даведаўшыся пра гэта, Папа Францішак выказаў сваё задавальненне і падтрымку пагадненню, якое будзе служыць вялікай дапамогай дзецям, гаворыцца ў спецыяльнай заяве, распаўсюджанай 17 ліпеня ў Ватыкане.
Прэзідэнт педыятрычнага шпіталя “Дзіцятка Езуса” (Ospedale Pediatrico Bambino Gesù) Марыэла Энок выказала ўдзячнасць Святому Пасаду, Дзяржаўнаму сакратарыяту і Губернатарату за магчымасць, дадзеную гэтай медыцынскай установе, хутка дастаўляць малых пацыентаў з тэрыторыі ўсёй Італіі. “Гэта важны жэст дабрачыннасці, які з’яўляецца рэакцыяй на фундаментальныя патрэбы здароўя”, - адзначыла прэзідэнт і дадала, што гэтае пагадненне выратуе жыцці многіх дзяцей.
Шпіталь “Дзіцятка Езуса” быў заснаваны ў 1869 г. для лячэння бедных дзяцей у Рыме. Гэта была першая дзіцячая клініка ў Італіі. У 1924 г. яна была перададзена пад кіраванне Святога Пасаду і зараз знаходзіцца пад асабістым патранатам Папы. Бальніца з’яўляецца вядучай педыятрычнай установай Італіі і адным з лепшых цэнтраў дзіцячай транспланталогіі ў Еўропе.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|