Рэліквіі Айца Піо прыбудуць у Ватыкан |
Дзяржава Ватыкан
|
22.07.2015 14:31 |
Рэліквіі св. Айца Піо ў лютым 2016 г. будуць выстаўлены ў ватыканскай базыліцы ў рамках святкавання Года Міласэрнасці, паведамілі на інтэрнэт-старонцы санктуарыя італьянскага святога ў Сан-Джавані-Ратонда ў Апуліі.
Гэта адказ на просьбу Папы Францішка, каб рэліквіі самага шанаванага ў Італіі святога капуцына былі выстаўлены ў базыліцы св. Пятра у час, блізкі да Папяльцовай серады. Саркафаг з целам будзе знаходзіцца тут 8-14 лютага 2015 г. У гэты час Пантыфік прыме на аўдыенцыі малітоўную групу св. Айца Піо.
Падрэ Піо – капуцын, харызматычны спавяднік, духоўны кіраўнік і стыгматык, адзін з самых папулярных святых Каталіцкага Касцёла. Да яго ў Сан-Джавані-Ратонда прыбывалі натоўпы людзей з многіх краін. Яго наведвалі знакамітасці: каралеўскія сем’і, дзяржаўныя мужы, дзеячы культуры і мастацтва, іерархі. Айцец Піо памёр 23 верасня 1968 г. ва ўзросце 81 года. Ян Павел II далучыў яго да ліку благаслаўлёных 2 мая 1999 г., да ліку святых – 16 чэрвеня 2002 г.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|