Дзяржаўны Сакратар Папы наведаў Інданэзію |
Дзяржава Ватыкан
|
13.08.2015 14:47 |
Дзяржаўны Сакратар Папы Францішка кардынал П’етро Паралін наведаў Інданэзію. Іерарх сустрэўся з Міністрам замежных спраў краіны Рэтна Марсудзі, падчас якой абмяркоўваліся тэмы міжрэлігійнага суіснавання, супрацоўніцтва ў сферы культуры і адукацыі.
Апостальская Сталіца “здаўна разглядае Інданэзію ў якасці добрага прыкладу і мадэлі міру, міжрэлігійнага суіснавання і талерантнасці паміж групамі розных веравызнанняў”, падкрэсліў кардынал. Дзяржсакратар высока ацаніў той факт, што ў Інданэзіі “людзі дэманструюць павагу, талерантнасць і адкрытасць на адметнасці”. Гэта робіць іх па-сапраўднаму адзіным народам, лічыць іерарх.
Тым не менш, у краіне здараюцца сутыкненні паміж мусульманамі і хрысціянамі. Тут, па словах бліжэйшага супрацоўніка Папы, неабходна “знайсці спосабы, каб паважаць і прымаць адметнасці; прыкладаць усе намаганні, каб не быць гвалтоўнымі і агрэсіўнымі”.
Інданэзія – самая вялікая мусульманская краіна ў свеце: 86% яе 240-мільённага насельніцтва вызнае іслам. 17 жніўня 1945 г. Святы Пасад першым прызнаў незалежнасць краіны. Візіт Дзяржсакратара Яго Святасці ў Інданэзію адбыўся ўпершыню з 1950 г. – пачатку дыпламатычных адносін паміж бакамі. Добрыя адносіны паміж імі былі ўмацаваны шэрагам папскіх візітаў, апошні з якіх здзейсніў св. Ян Павел ІІ у 1989 г.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|