Святы Пасад і Усходні Тымор заключаць канкардат |
Дзяржава Ватыкан
|
13.08.2015 14:54 |
Дзяржаўны Сакратар Папы кардынал П’етро Паралін ад імя Апостальскай Сталіцы падпіша канкардат з Усходнім Тыморам. Цырымонія адбудзецца 15 жніўня ў сталіцы гэтай азіяцкай дзяржавы, горадзе Дылі.
Усходні Тымор з’яўляецца сапраўдным каталіцкім фарпостам у Азіі: 96% яго насельніцтва належаць да Касцёла. 15 гадоў таму, падчас распрацоўкі Канстытуцыі краіны, настойліва гучалі галасы на карысць заканадаўчага замацавання статусу “каталіцкай дзяржавы”. Гэтыя прапановы, аднак, не былі рэалізаваны з-за пазіцыі Святога Пасаду, які параіў захоўваць свецкасць дзяржавы. Тым не менш Каталіцкі Касцёл сыграў фундаментальную ролю ў жыцці грамадства і палітыцы краіны, аказваючы ўплыў на фарміраванне нацыянальнай тоеснасці жыхароў Усходняга Тымора.
Падпісанне канкардату паміж бакамі адбудзецца ў кантэксце святкавання 500-годдзя евангелізацыі краіны. На ўрачыстасці прыбудзе спецыяльны легат Папы Францішка кардынал П’етро Паралін, чый візіт будзе працягвацца з 13 па 15 жніўня.
Бліжэйшы супрацоўнік Святога Айца сустрэнецца з прэм’ер-міністрам дзяржавы Руем Марыяй дэ Араўжу, які адзначыў у афіцыйным паведамленні, што “Каталіцкі Касцёл за больш чым 500 гадоў аказаў выдатную духоўную, чалавечую і матэрыяльную падтрымку народу Тымора, рашучым чынам паспрыяўшы вызваленню Усходняга Тымора”.
Падрыхтоўка канкардату паміж бакамі пачалася ў 2006 годзе са стварэннем адпаведнай змешанай камісіі. У якасці ўзору для будучай дамовы быў узяты канкардат з Італіяй, каб надаць каталіцтву належнае публічнае прызнанне ўнутры кіравання, сферы адукацыі і жыцця грамадства.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|