Вязні з рымскай турмы наведалі Ватыкан |
Дзяржава Ватыкан
|
14.09.2015 16:18 |
Група вязняў з рымскай турмы «Рэбібія» мела магчымасць наведаць Ватыкан. 13 верасня яны пабывалі ў папскіх садах і ў базыліцы, а таксама для іх была праведзена экскурсія па Ватыканскіх музеях.
Апоўдні яны сабраліся ў Сікстынскай капэле, каб перад мікеланджэлаўскім «Апошнім судом» далучыцца да малітвы «Анёл Панскі», якую Папа Францішак узначаліў на плошчы св. Пятра.
«Гэта эмоцыі, якія застануцца ў нашым сэрцы і памяці надоўга, – сказаў дырэктар турмы “Рэбібія” Стэфана Рыка у інтэрв’ю Ватыканскаму радыё. – Для вязняў, канешне, гэта мае асаблівае значэнне: замест таго, каб праводзіць чарговую раніцу ўнутры пенітэнцыярнай установы, з’яўленне магчымасці паўдзельнічаць у эксклюзіўным візіце, які быў прадастаўлены ім у гэтую нядзелю – калі музеі звычайна зачынены – узрушыла ўдзельнікаў гэтай выключнай падзеі».
Адзін з вязняў – удзельнікаў унікальнай экскурсіі – адзначыў важнасць таго, што падчас візіту ў Ватыкан да іх «адносіліся цудоўна» і глядзелі, як на роўных, што вельмі рэдка здараецца з асуджанымі ў грамадстве.
Апостальская Сталіца мае блізкія кантакты з турмой «Рэбібія». У 1983 г. яе наведваў св. Ян Павел ІІ, а ў 2011 г. – Бэнэдыкт XVI. Папа Францішак таксама здзейсніў сюды некалькі візітаў.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|