Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Радa кардыналаў прадставілa прапановы па стварэнні новага ватыканскага ведамства
Дзяржава Ватыкан
17.09.2015 17:25

Члены Рады кардыналаў па дапамозе Святому Айцу ў кіраванні Касцёлам і падрыхтоўцы праекту рэформы Рымскай курыі прадставілі Папу Францішку канчатковыя прапановы адносна стварэння ведамства па справах свецкіх, сям’і і жыцця, распавёў журналістам кіраўнік Прэс-службы Апостальскай Сталіцы а. Фэдэрыко Ламбардзі.

Кіраўнік Прэс-службы паведаміў, што падчас свайго чарговага пасяджэння, якое праходзіла ў Ватыкане 14-16 верасня, дарадчыкі Пантыфіка абмяркоўвалі пытанні, звязаныя з прызначэннем біскупаў і паскарэннем працэсаў аб злоўжываннях адносна непаўналетніх з боку прадстаўнікоў духавенства.

Айцец Ламбардзі адзначыў, што час стварэння новага ватыканскага ведамства залежыць выключна ад рашэння Папы. Яно можа з’явіцца да таго, як будзе апублікавана новая апостальская канстытуцыя аб Рымскай курыі, як гэта здарылася, напрыклад, у выпадку з Сакратарыятам і Радай па эканамічных пытаннях. Іерархі выслухалі даклад кардынала Дзіяніджы Тэтаманцы, адказнага за вывучэнне пытання аб тым, наколькі выканальным з’яўляецца гэты праект.

Падчас пасяджэння групы дзевяці кардыналаў абмяркоўвалася таксама стварэнне іншага новага ведамства, якое будзе займацца пытаннямі міласэрнасці, справядлівасці і міру. Гэты праект, аднак, яшчэ знаходзіцца ў стадыі распрацоўкі, таму Рада не прадстаўляла Пантыфіку канчатковай прапановы адносна яго.

Кардыналы разважалі таксама над працэдурамі прызначэння новых біскупаў, у прыватнасці над якасцямі кандыдатаў і патрабаваннямі да іх у святле выклікаў сённяшняга свету.

Удзельнікі пасяджэння азнаёміліся з дакладам прэфекта Сакратарыяту па камунікацыі кс. Дарыё Вігано, які распавёў пра працэс стварэння статутаў гэтай структуры.

Наступнае пасяджэнне Рады кардыналаў адбудзецца 10-12 снежня.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.