Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
13 працоўных груп прадставілі на Сінодзе свае справаздачы
Дзяржава Ватыкан
14.10.2015 17:12

Падчас 8-й Генеральнай кангрэгацыі Сінода Біскупаў, якая прайшла 14 кастрычніка ў Ватыкане, былі прадстаўлены даклады трынаццаці працоўных груп на тэму другой часткі «Instrumentum Laboris», якая была названа «пульсуючым сэрцам» усяго Сінода.

У цэлым трынаццаць справаздач падкрэсліваюць неабходнасць надаваць больш увагі гэтаму раздзелу працоўнага дакумента, выкарыстоўваючы ясную і канкрэтную мову. Тут можа дапамагчы большае ўжыванне біблійных спасылак, якія былі названы «компасам» для сучаснага чалавека.

Яшчэ адзін важны момант тычыўся маладых людзей і іх боязі перад сакрамэнтам сужэнства і абавязацельствамі, з ім звязанымі. Сінадальныя Айцы падкрэслівалі, што гэтае складанае пытанне заслугоўвае далейшага вывучэння, паколькі нельга проста сказаць, што маладыя людзі не маюць мужнасці, калі многія з іх даказваюць адваротнае. Варта, аднак, паддаць ацэнцы культурныя і эканамічныя абмежаванні, якія ўплываюць на жыццё моладзі сёння.

У Зале Сінодаў шматразова гучала рэкамендацыя прадстаўляць сакрамэнтальнае сужэнства ў яго сапраўднай прыгажосці, а не як нейкі абстрактны ідэал, якога цяжка дасягнуць. Непарыўнасць, як было адзначана, на самой справе не цяжар, а дар Божы, у якім мы бачым запавет любові да жыцця.

Прагучала прапанова адлюстраваць у выніковым дакуменце важнасць цэлібату, пашырыць аналіз узаемасувязі паміж сям’ёй і евангелізацыяй, прапанаваць «Lectio Divina» і некаторыя формы пабожнасці: Ружанец і нядзельную святую Імшу, якія ўмацоўваюць сямейнае жыццё.

У дакладах некаторых груп прагучала прапанова надаць больш увагі становішчу жанчын, якія падвергліся насіллю ў сям’і, і ўвогуле сямейным ранам.

У кантэксце нядаўняга апублікавання булы Папы Францішка «Mitis Iudex» адносна спрашчэння «сужэнскіх працэсаў» у сінадальнай зале прагучала просьба лепш патлумачыць у заключным дакуменце прычыны прызнання несапраўднасці сужэнства. Трэба заахвочваць сем’і заставацца разам, але варта ясна растлумачыць вучэнне Касцёла па гэтым пытанні, лічаць некаторыя з Айцоў Сінода.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.