Пасля Сінода прапанавалі стварыць новую камісію |
Дзяржава Ватыкан |
17.10.2015 21:14 |
У адной з малых груп Сінода Біскупаў выказвалася прапанова аб скліканні спецыяльнай камісіі экспертаў, якія вывучаць магчымасць святой Камуніі для разведзеных, што жывуць у новых несакрамэнтальных саюзах. Прапаноўвалася стварыць гэтую новую структуру пасля заканчэння асамблеі, каб не прымаць на ёй «заўчаснага рашэння», адзначалася 16 кастрычніка падчас брыфінгу ў Зале Друку Апостальскай Сталіцы. Іншыя групы казалі аб неабходнасці абапірацца на навучанне св. Яна Паўла ІІ аб сужэнстве і сям’і. Гучаў заклік аб наданні большай увагі падрыхтоўцы моладзі да сужэнства, у тым ліку ў сексуальнай сферы, якая сёння часта становіцца прэрагатывай грамадскіх структур. Сінадальныя Айцы адзначалі частую «скаванасць і абмежаванасць» святароў перад тэмай пракрэацыі ў сужэнстве. Касцёл, аднак, павінен увайсці ў гэтую сферу з яснасцю, прадстаўляючы добрую навіну аб сексуальнасці як шляху любові, а не граху, казалі на Сінодзе. У сувязі з гэтым падкрэслівалася важная роля хрысціянскіх сужэнскіх пар, якія могуць дапамагаць Касцёлу як у пытаннях сужэнскай сексуальнасці, так і ў сітуацыях крызісу сужэнстваў. «Хрысціянскія пары, хрысціянскія сем’і, якія маюць досвед, могуць па-місійнаму перадаваць яго іншым і быць найлепшымі месцамі адкрытасці. У такім кантэксце шматразова ўзгадваліся асноўныя рухі і асацыяцыі, якія маюць вялікі досвед у гэтай сферы і існуюць у Касцёле», — сказаў кіраўнік Прэс-службы Апостальскай Сталіцы а. Фэдэрыко Ламбардзі. |