Кіраўнік ватыканскага ведамства: хрысціянская сям'я супрацьстаіць як ісламісцкім, так і гендарным экстрэмістам |
Дзяржава Ватыкан |
19.10.2015 12:42 |
Біскупы павінны знайсці адказ на падвойную пагрозу радыкалаў-ісламістаў і радыкалаў знутры Заходняга свету, каб свет зразумеў прыгажосць хрысціянскай сям'і, сказаў кардынал Рабэр Сара, прэфект Кангрэгацыі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў. «Мы апынуліся паміж гендарнай ідэялогіяй і Ісламскай Дзяржавай. Ісламісцкія забойствы і лібертарныя патрабаванні ўвесь час змагаюцца за месца на першых старонках газет. Гэтыя дзве радыкальныя плыні ёсць галоўнымі пагрозамі для сям'і», — адзначыў кардынал. Па словах іерарха, у краінах Захаду сям'ю спрабуюць знішчыць праз адмаўленне яе аб'ектыўнай сутнасці і прыроды, праз лёгкасць разводаў, праз аборты, навязванне гомасексуальных саюзаў. Тут аб'ядноўваюцца прыхільнікі абортаў і лобі, якое прапагандуе гомасексуалізм і пашырае гендарную ідэалогію, якая адмаўляе праўду аб чалавечай сексуальнасці. Кардынал таксама звярнуў увагу на пашырэнне праз радыкальны іслам такіх жа ілжывых уяўленняў пра сям'ю. Ісламскія экстрэмісты прапагандуюць палігамію, прыніжэнне жанчын, сексуальнае нявольніцтва і прымусовыя шлюбы дзяцей з дарослымі. Дух Праўды, сказаў кардынал Сара, не можа існаваць без аддзялення сапраўдных рэчаў ад ілжывых. Ісламісты ж і гендарныя прапагандысты насуперак гэтаму спрабуюць заблытаць і перакруціць панятак сужэнства. «Мы павінны быць адкрытымі і вітаць усё, што ёсць чалавечым, аднак тое, што ідзе ад сатаны, не можа і не павінна быць прынятым. Нельга аб'яднаць Хрыста і Баала! Тым, чым былі нацызм і камунізм у ХХ стагоддзі, тым сёння з'яўляюцца заходняя прапаганда абортаў і гомасексуалізму разам з ісламісцкім фанатызмам», — сказаў іерарх. Аляксандр Гелагаеў паводле catholicnewsagency.com |