Зацверджаны Канчатковы даклад Сіноду Біскупаў |
Дзяржава Ватыкан
|
26.10.2015 10:43 |
Канчатковы даклад XIV Генеральнай Асамблеі Сіноду Біскупаў на тэму сям’і быў зацверджаны ўдзельнікамі 24 кастрычніка. Як і ў выпадку з аналагічным дакументам у канцы мінулагодняга пасяджэння, галасавалі асобна па кожным з 94 пунктаў.
У працэдуры прынялі ўдзел 265 Айцоў Сіноду. Абавязковая для прыняцця большасць у 2/3 галасоў складала 177.
Большасць супярэчных думак выклікалі пункты 84-86 у трэцім раздзеле. Каментуючы гэта, кіраўнік Прэс-службы Апостальскай Сталіцы а. Фэдэрыко Ламбардзі сказаў: “Гэта пункты, якія датычаць складаных сітуацый, душпастырскага падыходу да параненых сем’яў або тых, якія жывуць у сітуацыях, неўрэгуляваных з кананічнага пункту гледжання або касцёльнай дысцыпліны. Гаворка ідзе пра пары, якія жывуць у партнёрскіх і грамадзянскіх саюзах, пра разведзеных, якія заключылі новы шлюб, і душпастырскі падыход да гэтых сітуацый”.
Канчатковы даклад складаецца з Уводзінаў, трох частак, падзеленых у агульнай складанасці на 12 раздзелаў, і Заключэння, пасля якога змешчана малітва да Святой Сям’і. Тэкст Канчатковага дакладу на італьянскай мове быў апублікаваны на сайце Прэс-службы з данымі аб выніках галасавання па кожным пункце.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё
(AG)
|