У Ватыкане ўзяты пад варту дзве асобы |
Дзяржава Ватыкан |
03.11.2015 11:04 |
Прэс-служба Святога Пасаду паведаміла 2 лістапада аб крымінальным расследаванні, якое вядзе на працягу апошніх месяцаў Ватыканская жандармерыя ў сувязі з выкраданнем і распаўсюджваннем канфідэнцыйных дакументаў. Вынікам расследвання стаў выклік на допыт і ўзяцце пад варту дваіх чалавек. Гаворка ідзе пра кс. Лусіа Вальеха Бальда і Франчэску Шаўкі, адпаведна сакратара і члена Камісіі па вывучэнні рэформы эканамічна-адміністрацыйнай структуры Святога Пасаду, створанай Папам у ліпені 2013 г., а затым распушчанай пасля завяршэння тэрміну яе паўнамоцтваў. Франчэска Шаўкі ўжо вызвалена з-пад варты. Раскрыццё канфідэнцыйнай інфармацыі і дакументаў з’яўляецца злачынствам у адпаведнасці з артыкулам 10 Закона IX Дзяржавы Ватыкан. Прэс-служба пракаментавала таксама інфармацыю аб выданні ў Італіі кніг, якія ўтрымліваюць канфідэнцыйную інфармацыю аб ватыканскіх фінансах. У гэты раз, як і ў мінулым, гаворка ідзе пра сур’ёзную здраду даверу Папы. Аўтары скарысталіся незаконным спосабам атрымання канфідэнцыйных дакументаў, што можа пацягнуць за сабой прававыя наступствы. «Публікацыі такога роду ў любым выпадку не спрыяюць усталяванню яснасці і праўды, наадварот, сеюць блытаніну і частковыя і тэндэнцыйныя тлумачэнні», - гаворыцца ў афіцыйнай заяве Святога Пасаду. |