Святы Пасад асудзіў тэракты ў сталіцы Францыі |
Дзяржава Ватыкан |
14.11.2015 14:52 |
«Мы шакаваныя гэтымі новымі праявамі жудаснага тэрарыстычнага насілля і нянавісці і асуджаем іх разам з Папам і ўсімі, хто працуе на карысць будавання міру. Мы молімся за ахвяраў, за тых, хто быў паранены, і за ўсіх жыхароў Францыі. Гэта напад, падрываючы мір чалавецтва, які патрабуе цвёрдай рэакцыі ўсіх нас, хто супрацьстаіць распаўсюджванню смяротнай нянавісці ў любых яе формах», — заявіў афіцыйны прадстаўнік Апостальскай Сталіцы. Познім вечарам пятніцы 13 лістапада ў Парыжы адбылася серыя тэрактаў, у выніку якіх загінулі па меншай меры 120 чалавек. Аб’ектамі нападаў сталі шматлюдныя месцы французскай сталіцы. Сваё шкадаванне ў сувязі з тэрактамі Святы Айцец выказаў асабіста ў тэлефонным інтэрв’ю з дырэктарам тэлеканала італьянскага епіскапату «TV2000» Лусіа Брунэлі. «Я шакаваны і засмучаны, не магу гэтага зразумець, але такія рэчы зразумець цяжка. Іх здзейснілі людзі. Таму я ў шоку, засмучаны і малюся. Выказваю сваю блізкасць умілаванаму французскаму народу, родным ахвяр. Малюся за іх усіх», — сказаў Пантыфік і дадаў, што тэракты — гэта адзін з фрагментаў «трэцяй сусветнай вайны». «Гэта бесчалавечна», — падсумаваў тое, што адбылося ў Парыжы, Папа Францішак. Святы Айцец рашуча асудзіў тэрарыстычныя акты, здзейсненыя ў сталіцы Францыі, таксама ў афіцыйнай тэлеграме, накіраванай 14 лістапада за подпісам Дзяржаўнага Сакратара Яго Святасці кардынала П'етро Параліна на імя кардынала Андрэ Вэн-Труа, арцыбіскупа Парыжа. |