Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Кіраўнік Прэс-службы Апостальскай Сталіцы: «Міласэрнасць адказвае на тэрор»
Дзяржава Ватыкан
16.11.2015 17:38

У сувязі з тэрактамі ў Парыжы Год Божай Міласэрнасці, які пачынаецца 8 снежня, набывае яшчэ большае значэнне, сказаў кіраўнік Прэс-службы Апостальскай Сталіцы а. Фэдэрыко Ламбардзі SJ у заяве, якую цытуе Ватыканскае радыё.

У сувязі з перасцярогамі наконт бяспекі паломнікаў а. Фэдэрыко Ламбардзі выказаў надзею, што гэта не будзе перашкодай для таго, каб на працягу Святога Года Рым наведала яшчэ больш вернікаў, чым калі-небудзь раней.

У Італіі ўзнікаюць хваляванні наконт таго, што ў гэты юбілейны год ісламскія тэрарыстычныя групы могуць накіраваны свае атакі на Рым як цэнтр каталіцызму. З’яўляюцца таксама прапановы адмяніць юбілейныя ўрачыстасці.

«Тэрарызм хоча пасеяць страх і жах. Вось чаму, – дадаў кіраўнік Прэс-службы Апостальскай Сталіцы, – не можна прымаць прапаноў, якія вынікаюць са страху. Вядома, патрэбна дзейнічаць мудра і адказна, але і працаваць далей, такім чынам будуючы спакой».

Айцец Фэдэрыко Ламбардзі лічыць, што Юбілейны Год Міласэрнасці з’яўляецца адэкватным адказам на тэрор, гэта спосаб знайсці прымірэнне.

«Зараз не час адмяняць Святы Год, не час для страху. Гэты час нам вельмі патрэбны. Мы павінны жыць з розумам, але таксама з адвагай і духоўнай энергіяй, нягледзячы на ўсе атакі нянавісці», – падкрэсліў а. Фэдэрыко Ламбардзі.

Паводле Deon.pl (MV)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.