У Ватыкане прайшоў абрад “Recognitio” |
Дзяржава Ватыкан |
19.11.2015 09:28 |
Абрад “Recognitio” — пацвярджэння — Святых Дзвярэй прайшоў 17 лістапада ў ватыканскай базыліцы св. Пятра. Яго ўзначаліў архіпрэзбітэр базылікі кардынал Анджэло Камастры. Гэта быў яшчэ адзін этап падрыхтоўкі да правядзення Юбілейнага Года, які пачынаецца ў Каталіцкім Касцёле 8 снежня, ва ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі. Згодна з абрадам, члены капітулы базылікі св. Пятра ў працэсіі накіраваліся да яшчэ замураваных Святых Дзвярэй. Пасля супольнай малітвы са сцяны былі выняты чатыры цагліны і металічная скрыня, якая змяшчала адмысловыя «дакументы» мінулага Святога Года ў Вялікі Юбілей 2000-годдзя хрысціянства, юбілейныя медалі і ключ, якім Папа Францішак адчыніць Святыя Дзверы, пачынаючы такім чынам Юбілей Міласэрнасці. У цырымоніі прынялі ўдзел, у прыватнасці, старшыня Папскай рады па новай евангелізацыі арцыбіскуп Рына Фізікела і папскі цырымоніймайстар кс. Гвіда Марыні. Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, (AYU) |