Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Святы Пасад аб кананізацыі Маці Тэрэзы з Калькуты
Дзяржава Ватыкан
19.11.2015 16:22

Справа кананізацыі благаслаўлёнай Маці Тэрэзы з Калькуты яшчэ не завершана, і тым больш пакуль не ўстаноўлена дата абвяшчэння яе святой. Аб гэтым паведаміў 18 лістапада ў інтэрв’ю лацінаамерыканскаму каталіцкаму інфармацыйнаму агенцтву ACI Prensa намеснік кіраўніка Прэс-службы Апостальскай Сталіцы айцец Чыра Бэнэдэціні.

Такім чынам, святар абверг навіну, распаўсюджаную некалькімі гадзінамі раней італьянскай каталіцкай газетай Avvenire, нібыта кананізацыя запланавана на 4 або 5 верасня 2016 г.

На сённяшні дзень «абмяркоўваецца праект» будучай кананізацыі, сказаў прадстаўнік Святога Пасаду, дадаўшы, што патрэбна закрыццё справы і яе зацвярджэнне Папам Францішкам. Святар дадаў, што не можа пацвердзіць навіны італьянскіх СМІ, нібыта ў снежні ў Ватыкане павінны сабрацца кардыналы для абмеркавання гэтага пытання.

Маці Тэрэза з Калькуты нарадзілася ў 1910 г. у албанскай сям’і ў Скоп’е, але большую частку свайго жыцця правяла ў Індыі. У 1946 г. яна заснавала Кангрэгацыю Місіянерак Міласэрнасці для клопату аб найбяднейшых і пакінутых. У 1979 г. атрымала Нобелеўскую прэмію міру. Памерла ў Калькуце 5 верасня 1997 г. Ян Павел II 19 кастрычніка 2003 г. у Рыме абвясціў Маці Тэрэзу благаслаўлёнай.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, (AYU)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.