Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Кардынал П'етро Паралін наведаў парыжскі кліматычны саміт
Дзяржава Ватыкан
02.12.2015 09:29

Неабходна пагадненне па клімаце, якое дасць ясны этычны напрамак для абароны чалавечай годнасці, асабліва самых патрабуючых, адзначыў Дзяржаўны сакратар Папы кардынал П'етро Паралін падчас міжнароднай Канферэнцыі па клімаце, якая 30 лістапада пачалася ў Парыжы.

Як кіраўнік дэлегацыі Апостальскай Сталіцы, кардынал перадаў удзельнікам форуму словы падтрымкі і заахвочвання з боку Святога Айца.

На думку Святога Пасаду, пагадненне па клімаце павінна грунтавацца на трох стаўпах. Першы — гэта прыняцце ясных этычных прынцыпаў.

«Мы добра ведаем, што найбольш уражлівыя да феномену кліматычных змен асобы – гэта самыя бедныя і будучыя пакаленні, якія адчуюць на сабе іх самыя цяжкія наступствы, не будучы за іх адказнымі», — сказаў кардынал П’етро Паралін.

Іерарх перакананы, што чалавецтва павінна ўмацаваць свядомасць таго, што з’яўляецца адзінай сям’ёй, у якой няма месца для так званай глабалізацыі абыякавасці. Важна, каб гэтае пагадненне грунтавалася як на прызнанні этычнага імператыву для дзейнасці ў кантэксце глабальнай салідарнасці, так і на супольнай і асабістай адказнасці, згодна з адпаведнымі здольнасцямі і ўмовамі.

Другі фундаментальны элемент міжнароднага пагаднення па клімаце, на думку прадстаўніка Святога Пасаду, заключаецца ў тым, каб вызначыць напрамак дзейнасці ўсіх зацікаўленых бакоў: палітычных уладаў, прадпрымальнікаў, навукоўцаў і грамадскай супольнасці.

Трэба з рашучасцю крочыць да эканомікі з нізкім выдзяленнем вугляроду і да інтэгральнага чалавечага развіцця, заўважыў Дзяржаўны Сакратар Папы. У дадзеным кантэксце кардынал звярнуў асаблівую ўвагу на адказнасць багатых краін, якія павінны даць прыклад і дапамагаць больш патрабуючым краінам рэсурсамі для развіцця палітыкі, а таксама праграм па ўстойлівым развіцці.

Трэці важны элемент фінальнага дакумента парыжскага форуму — гэта позірк у будучыню. Патрэбны празрысты і эфектыўны кантроль за паказчыкамі ў дасягненні пастаўленых мэтаў і сур’ёзныя адносіны да прыняцця ўстойлівых мадэляў вытворчасці і спажывецтва, а таксама новага стылю жыцця.

Сённяшні стыль, разам з культурай адчужэння, нельга назваць устойлівым, сказаў кардынал і заклікаў выключыць гэты стыль з мадэляў выхавання і развіцця.

Напрыканцы сваёй прамовы іерарх нагадаў пра заклік Папы Францішка, каб прынятае пагадненне спрыяла памяншэнню наступстваў кліматычных змен, барацьбе з беднасцю і ахове годнасці чалавечай асобы.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (MV)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.