Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
На паказ фільма пра Папу ў Ватыкане запрасілі рымскіх беднякоў
Дзяржава Ватыкан
02.12.2015 17:34

1 снежня ў Ватыкане прайшоў перадпрэм’ерны паказ біяграфічнага мастацкага фільма пра Папу Францішка. Пры гэтым быў абраны новы фармат мерапрыемства. Калі раней на такога роду паказы запрашаліся прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса, журналісты, супрацоўнікі Святога Пасаду, то на гэты раз Залу Паўла VI, разлічаную на 7 тысяч чалавек, запоўнілі бедныя з усяго Рыма, пра якіх клапоціцца Папская элемазінарыя.

Cтужка італьянскага рэжысёра Даніэле Лучэці «Завіце мяне Францішкам» (Chiamatemi Francesco) заснавана на бестсэлеры «Францішак: Папа з народа» (Francisco: El Papa de la gente), які напісала журналістка аргенцінскай газеты «La Nacion» Еванхеліна Хіміціан. Папу Францішка граюць два акцёры: у маладосці – Радрыга дэ ла Серна, у сталым узросце – Серхіо Эрнандэс. Фільм выходзіць у пракат 3 снежня і будзе паказаны больш чым у 40 краінах свету.

На пачатку ватыканскай перадпрэм’еры выступіў аркестр Швейцарскай гвардыі, які звычайна ніколі не выступае за межамі прысягі і афіцыйных цырымоній. Гвардзейцы самі выступілі з такой прапановай; гэта быў іх падарунак для бедных.

Сам фільм стаў проста нагодай сабрацца разам, прызнаўся папскі элемазінарый арцыбіскуп Конрад Краеўскі. Для бедных былі падрыхтаваны дзве тысячы пакетаў з неабходнымі для іх рэчамі, якія раздалі не толькі ў ватыканскай зале, але і разнеслі па вуліцах Рыма.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.