Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Святы Пасад выдаў новы дакумент аб адносінах з юдаізмам
Дзяржава Ватыкан
11.12.2015 00:21

10 снежня ў Ватыкане быў прадстаўлены новы дакумент Папскай камісіі па рэлігійных адносінах з юдаізмам «Дары і пакліканне Божае нязменныя». Ён прымеркаваны да 50-годдзя дэкларацыі Другога Ватыканскага Сабору пра адносіны Касцёла да нехрысціянскіх рэлігій «Nostra aetate».

Дакумент разглядае тэалагічныя пытанні, якія датычацца адносін паміж католікамі і юдэямі. Падкрэсліваецца іх асаблівы статус у кантэксце міжрэлігійнага дыялогу, паколькі хрысціянства мае юдэйскія карані. У гэтым дыялогу гаворка не ідзе пра дзве «фундаментальна розныя» рэлігіі, якія развіліся без узаемнага ўплыву адна на адну, адзначылі аўтары дакументу.

Паводле іх, Езуса Хрыста можна зразумець толькі ў юдэйскім кантэксце Яго эпохі, хоць Ён, як Месія Ізраэля і Сын Божы, выходзіць за рамкі гэтага гістарычнага гарызонту. Бог адкрываецца ў сваім Слове, аб’яўляючы сябе людзям. Для юдэяў гэтае Слова прысутнічае ў Торы, а для хрысціян Яно ўцелавілася ў Езусе Хрысце. У той жа час, Слова Божае непадзельнае і патрабуе ад людзей адказу, які можа ім дазволіць прыняць Яго, будучы ў належных адносінах з Богам, падкрэсліваецца ў дакуменце.

Адзначаецца таксама, што паміж Старым і Новым Запаветам існуе непарыўная еднасць, хоць яны і па-рознаму тлумачацца вызнаўцамі хрысціянства і юдаізму, згодна з іх рэлігійнымі традыцыямі. Гэтыя сакральныя кнігі з’яўляюцца часткай адзінай гісторыі саюзу паміж Богам і Яго народам, хоць Новы Запавет неабходна разглядаць як спаўненне старазапаветных абяцанняў.

Падкрэсліваецца, што праз Езуса Хрыста, праз Яго смерць і ўваскрасенне ўсе людзі былі збаўлены. І хоць юдэі не могуць паверыць у Езуса Хрыста як паўсюднага Адкупіцеля, яны ўдзельнічаюць у збаўленні, бо дары і пакліканне Божае нязменныя. Гэта застаецца неспасцігальнай таямніцай збаўчай задумы Бога.

Дакумент ватыканскай камісіі заўважае, што, хоць у дыялогу з юдаізмам католікі даюць сведчанне сваёй веры ў Езуса Хрыста, яны ўстрымліваюцца ад усялякай актыўнай спробы навяртання юдэяў і місіянерства сярод іх.

Напрыканцы дакумента гучыць заклік да лепшага ўзаемнага пазнання, прымірэння і дзейнасці на карысць справядлівасці, спакою, абароны стварэння, барацьбы з беднасцю.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.