Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пасяджэнне Рады кардыналаў прайшло ў Ватыкане
Дзяржава Ватыкан
14.12.2015 12:50

10-12 снежня ў Ватыкане прайшло дванаццатае пасяджэнне Рады кардыналаў па дапамозе Святому Айцу ў кіраванні Касцёлам і падрыхтоўцы праекту рэформы Рымскай курыі.

Папа Францішак таксама прымаў удзел у працы, паведаміў кіраўнік Прэс-службы Апостальскай Сталіцы а. Фэдэрыко Ламбардзі.

Удзельнікі сустрэчы, у першую чаргу, пазнаёміліся з дакладам кардынала Леанарда Сандры, прэфекта Кангрэгацыі па справах Усходніх Касцёлаў, і абмеркавалі дзейнасць гэтай дыкастэрыі, яе кампетэнцыі і ролю ў сферы экуменічных адносін.

У ходзе пасяджэння звярталася ўвага на важнасць прамовы Папы Францішка ад 17 кастрычніка 2015 г., прымеркаванай да 50-годдзя заснавання Сінода Біскупаў. У прыватнасці, гаворка ішла пра закрануты Святым Айцом прынцып “сінадальнасці” і неабходнасць у “дэцэнтралізацыі”. Рада кардыналаў выказала пажаданне паглыбіць разважанне над гэтай прамовай і яе значэннем у кантэксце рэформы Рымскай курыі. Гэтаму пытанню будзе прысвечана яе лютаўскае пасяджэнне.

Іерархі працягнулі дыскусію адносна стварэння дзвюх новых дыкастэрый: па пытаннях свецкіх, сям’і і жыцця і па пытаннях справядлівасці, міру і міграцыі, з мэтай прадставіць Папу канчатковыя прапановы.

Удзельнікамі пасяджэння ўздымаліся пытанні эканамічнай сітуацыі Апостальскай Сталіцы. Старшыня Рады па эканамічных пытаннях кардынал Рэйнхард Маркс праінфармаваў аб выбары кампаніі “PricewaterhouseCooper” у якасці знешняга аўдытара.

Старшыня Сакратарыяту па эканамічных пытаннях кардынал Джордж Пэл паведаміў аб стварэнні працоўнай групы па аналізе “будучыні” эканомікі Апостальскай Сталіцы і Дзяржавы Ватыкан. У яе склад, акрамя супрацоўнікаў Сакратарыяту, увайшлі прадстаўнікі Дзяржсакратарыяту, Губернатарату, Адміністрацыі маёмасці, Кангрэгацыі Евангелізацыі Народаў, Сакратарыяту па камунікацыі і Інстытута рэлігійных спраў. Працоўная група ўжо пачала сваю дзейнасць.

Падчас пасяджэння Рады кардынал Шон О’Мэллі, старшыня Папскай камісіі па абароне непаўналетніх, праінфармаваў аб дзейнасці гэтай структуры,  распрацоўцы адукацыйных і выхаваўчых праграм, а таксама дапамозе мясцовым епіскапатам.

Члены Рады склалі расклад пасяджэнняў на 2016 г. Яны пройдуць 8-9 лютага, 11-13 красавіка, 6-8 чэрвеня, 12-14 верасня і 12-14 снежня.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.