Кіраўнік Апостальскай пэнітэнцыярыі кардынал Маўро Пьячэнца скіраваў спецыяльны ліст да спаведнікоў з нагоды надыходзячай урачыстасці Божага Нараджэння.
Мір нараджаецца ў канфесіянале, дзе чалавецтва ачышчаецца ад найбольш смяротнага «смогу», якім з’яўляецца грэх, адзначыў кардынал. Па гэтай прычыне споведзь – гэта «самая радыкальная экалагічная ініцыятыва», дадаў іерарх. Паводле слоў кіраўніка Апостальскай пэнітэнцыярыі, менавіта з канфесіянала можа выйсці сапраўдны супакой, якога патрабуе сучасны свет, і гэта адзіная па-сапраўдаму эфектыўная дапамога для ўсяго чалавецтва.
Іерарх нагадаў словы Папы Францішка аб тым, што ўрачыстасць Божага Нараджэння – гэта не «казачнае і салодкае» свята, але перш за ўсё святая таямніца, паводле якой свет і гісторыя будуць асуджаны напрыканцы часоў, святая таямніца Міласэрнасці Бога. Чалавецтва будзе асуджана не толькі паводле «абстрактна зразуметых маральных паводзінаў»: мы будзе асуджаны згодна з «праўдай» нашай любові, любові дасканала чалавечай, што значыць інтэлектуальнай і свабоднай; любові, якая не «авалодвае» братам, але разумее, жадае і дасягае сапраўднага дабра для яго; любові, якая карыстаецца ўсім і ставіць уласнае жыццё на службу вечнаму лёсу людзей, якая не выкарыстоўвае людзей дзеля сваіх мізэрных мэтаў, падкрэсліў Вялікі пэнітэнцыярый.
Ватыканскі іерарх дадаў, што напрыканцы часоў «мы будзем асуджаны згодна з праўдай Хрыстовай, згодна з нашай любоўю да Яго, але ў той жа час толькі Хрыстус можа вызваліць нашу любоў і зрабіць нас па-сапраўднаму здольнымі любіць Яго». Такім чынам, Ён з’яўляецца адначасова і Суддзёй і Збаўцам, Справядлівасцю і Любоўю, Праўдай і Міласэрнасцю. Гэты Божы парадокс асаблівым чынам праяўляецца менавіта ў споведзі: у вялікім сакрамэнце міласэрнасці, напісаў кардынал Пьячэнца.
Іерарх заклікаў спаведнікоў маліцца адзін за аднаго і выказаў ім «глыбокую ўдзячнасць за цярплівую ахвярнасць і пастырскую любоў, якую выражае іх шчодрае служэнне».
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|