Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Падрабязнасці святой Імшы ў ноч Божага Нараджэння ў Ватыкане
Дзяржава Ватыкан
24.12.2015 16:01

24 снежня ў 21.30 па рымскім часе Папа Францішак узначаліць святую Імшу ў ноч Божага Нараджэння. Яна адбудзецца ў ватыканскай базыліцы пры ўдзеле шматлікіх кардыналаў, біскупаў і арцыбіскупаў, святароў, кансэкраваных асобаў і вернікаў з усіх частак свету.

Для Папы Францішка гэта будзе трэцяе Божае Нараджэнне, праведзенае на пасадзе Наступніка св. Пятра.

Літургія пачнецца са спеву «Kalenda», якім абвяшчаецца Божае Нараджэнне, пасля чаго Пантыфік здыме белую тканіну з фігуркі Дзіцяткі Езуса, размешчанай у яслях, устаноўленых на сімвалічным троне ў цэнтры базылікі. Пасля яе акаджэння кадзілам трон будзе ўпрыгожаны кветкамі, якія прынясуць дзеці, апранутыя ў традыцыйныя строі: італьянскі, бельгійскі, кенійскі, цэнральнаафрыканскі, філіпінскі, шры-ланкскі, кубінскі, мексіканскі і амерыканскі.

Побач з фігуркай Дзіцяткі Езуса пасля спявання літургічнага евангельскага тэксту будзе размешчана Евангелле, каб падкрэсліць значэнне вялікай падзеі ночы Божага Нараджэння: уцелаўлення Слова Божага.

Сімвалічны трон, на які будзе пастаўлены евангеліарый, выкарыстоўваўся падчас Першага і Другога Ватыканскіх Сабораў для выстаўлення кнігі Святога Пісання. Выданне евангеліарыя, якое будзе ўжывацца падчас літургіі, з’яўляецца факсімільнай рэпрадукцыяй «Папскага імшала на Божае Нараджэнне», выдадзенага падчас пантыфікату Аляксандра VI, які захоўваецца ў Ватыканскай Апостальскай Бібліятэцы.

Дары падчас Імшы будуць несці дзве сям’і. На заканчэнне эўхарыстычнай цэлебрацыі Святы Айцец возьме на рукі фігурку Дзіцяткі Езуса і аднясе яе ў яслі ў суправаджэнні працэсіі. Фігуркі ў яслях, якія ўстаноўлены ў базыліцы св. Пятра, былі выраблены нямецкім скульптарам Генрыхам Цунтарам і падараваны Яну Паўлу ІІ у 1985 і 1986 гадах.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.