Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Хворую дзяўчынку перавезлі на ватыканскім верталёце
Дзяржава Ватыкан
30.12.2015 10:17

Ватыканскі геліпорт быў упершыню выкарыстаны для тэрміновай дастаўкі пацыента ў дзіцячую клініку «Дзіцяткі Езуса» (Ospedale Pediatrico Bambino Gesù).

Раніцай 29 снежня тут прызямліўся верталёт з трохгадовай дзяўчынай на борце з падазрэннем на страсенне мозгу. Яна была дастаўлена з бальніцы хуткай дапамогі ў горадзе Лаціна ў 73 кіламетрах ад Рыма. Тэрміновая транспарціроўка маленькага пацыента заняла ўсяго некалькі хвілін.

Рашэнне аб выкарыстанні ватыканскага геліпорту для ратавання дзіцячых жыццяў было прынята гэтым летам. 17 ліпеня была абнародавана інфармацыя аб падпісанні пагаднення паміж Губернатаратам Дзяржавы Ватыкан, якому належыць верталётная пляцоўка ў Ватыканскіх садах, і рымскім педыятрычным шпіталем «Дзіцяткі Езуса» аб выкарыстанні яе ў медыцынскіх мэтах.

Дамова, падпісаная кіраўніцтвам дзвюх устаноў, была зацверджана Дзяржаўным Сакратаром Яго Святасці кардыналам П’етро Паралінам.

Губернатарат выказаў згоду на кругласутачныя пасадку і ўзлёт верталётаў і перасоўванне ў межах Дзяржавы Ватыкан машын хуткай дапамогі ў сур’ёзных і надзвычайных сітуацыях пагрозы жыццю дзяцей або ў выпадках, звязаных з перасадкай органаў. Такім чынам, ватыканскі геліпорт быў уключаны ў рэгіянальную сетку кіравання ў надзвычайных сітуацыях.

Шпіталь «Дзіцяткі Езуса» быў заснаваны ў 1869 г. для лячэння бедных дзяцей у Рыме. Гэта была першая спецыялізаваная дзіцячая клініка ў Італіі. У 1924 г. яна была перададзена пад кіраванне Святога Пасаду і ў цяперашні час знаходзіцца пад асабістым патранатам Папы Францішка.

Бальніца з’яўляецца вядучай педыятрычнай установай Італіі і адным з лепшых цэнтраў дзіцячай транспланталогіі ў Еўропе.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (MV)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.