Латарэя ў дапамогу бежанцам і бяздомным праводзіцца ў Ватыкане |
Дзяржава Ватыкан
|
09.01.2016 23:49 |
Папа Францішак пажадаў, каб у гэтым годзе ўсе сродкі, атрыманыя ад правядзення ў Ватыкане дабрачыннай латарэі, былі накіраваны на патрэбы бежанцаў і бяздомных. Аб гэтым паведаміў кс. Дыега Равэлі, кіраўнік аддзела Папскага элемазінарыя.
Прызы для латарэі прадаставіў сам Святы Айцец: гэта каштоўныя рэчы, якія былі падараваны яму з розных нагод. Па словах кс. Равэлі, набыццё латарэйнага білета становіцца невялікім, але канкрэтным жэстам дапамогі ў Год Міласэрнасці.
Латарэйныя білеты каштуюць 10 еўра. Іх яшчэ можна набыць да 1 лютага 2016 г. у публічных ватыканскіх установах: аптэцы, пошце, супермаркеце, кнігарні і Нумізматычна-філатэлістычным аддзеле. Прызы будуць разыграны 2 лютага.
Падобная дабрачынная латарэя праводзіцца ў Ватыкане ўжо ў трэці раз. За сродкі, атрыманыя ад папярэдніх двух тыражоў, былі ўстаноўлены душавыя для бяздомных побач з плошчай св. Пятра, арганізаваны месцы начлегу для іх.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|