Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Святы Пасад адрэагаваў на акты прафанацыі ў Францыі
Дзяржава Ватыкан
15.01.2016 10:53

«Касцёл у свеце з’яўляецца знакам супраціву. Чым больш ён абвяшчае Хрыста, тым больш яго не ўспрымаюць», — такая думка гучыць у пасланні прэфекта Кангрэгацыі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў кардынала Рабэра Сара.

Такім чынам іерарх адрэагаваў на жорсткія акты прафанацыі гістарычнага касцёла ў Фонтэнбло непадалёк ад Парыжа. У Францыі апаганьванне хрысціянскіх месцаў культу стала сапраўднай чумой. Па статыстыцы, у паліцыю штодзённа паведамляюць пра два такія выпадкі.

Кардынал падкрэсліў, што рэальнай мэтай нападу былі Бог, Касцёл і каталіцкая супольнасць у Фонтэнбло. Іерарх заклікаў да малітвы за тых, хто гэта здзейсніў. «На самой справе апаганены іх сэрцы, дзе жыве сатана», — напісаў кіраўнік ватыканскай дыкастэрыі.

У той жа час кардынал нагадаў мясцовым католікам, што яны не павінны здзіўляцца нянавісці, з якой сутыкаюцца. «Любоў Бога да людзей, аб’яўленая ў Хрыстовым Нараджэнні, выклікала гнеў д’ябла», — напісаў прэфект кангрэгацыі і нагадаў пра пераслед хрысціян, які адбываецца сёння ў свеце пры поўным маўчанні сродкаў інфармацыі і абыякавасці палітыкаў. Іерарх заклікаў французскіх католікаў рэагаваць на тое, што адбылося, па прыкладу мучанікаў: сведчыць перад Богам, шукаць не помсты, але прабачэння і прымірэння.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, (AYU)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.